НА ЎСКРАЙКУ ЕЎРОПЫ  

Тут я планую публікаваць матерыялы са сваёй новай кнігі «Ад Уніі да страты  незалежнасці. 1569—1795 гг.», якая з’явіцца працягам кнігі «Ад Рагвалода да Уніі», выдадзенай у траўні гэтага года. Пачынаю з першай главы – «Што такое Рэч Паспалітая».  

Акрамя таго, буду час ад часу паведамляць чытачоў і слухачоў пра свае новыя выступы на інтэрнэт-сайце «ЕўраБеларусь» у праграме «Дата генератар». Іх запісваюць і выкладваюць амаль кожны тыдзень. На 10 жніўня выкладзены 40 выступаў. 

І кніжка, і выступы – на беларускай мове, прызначаны выключна для беларусаў. Усім астатнім лепш не соваць сюды нос. Нават адукаваныя беларусы дрэнна ведаюць падзеі з гісторыі сваёй уласнай краіны. Чужаземцы тым больш не ў тэме. Ды й мовы яны не ведаюць. 

Тэма 18.

Трагедыя 1655 года

Да канца верасня 1654 г. Януш Радзівіл нанова сабраў войска колькасцю каля 19 тысяч чалавек. Яно мела наступную арганізацыю:

Дывізія правага крыла (гусарскія, драгунскія, рэйтарскія, казацкія, татарскія харугвы і палкі, а таксама дзве роты нямецкай і пяць харугваў польскай пяхоты). Усяго да 8 тысяч чалавек. Камандзір – Януш Радзівіл.

Дывізія левага крыла (гусарскія, казацкія, татарскія харугвы, два палкі і тры роты рэйтар і драгунаў, рота польскай пяхоты). Усяго пад 3,5 тысяч чалавек. Камандзір – Вінцэнт Гансеўскі.

Каронны корпус (палкі пяхоты, драгунаў і рэйтар, татарскія харугвы). Усяго каля 5,5 тысяч чалавек. Камандзір – Багуслаў Радзівіл.

Да іх трэба дадаць каля 2-х тысяч чалавек з адзелаў добраахвотнікаў.

Акрамя таго, непасрэдна ў паветах самастойна дзейнічалі адзелы тутэйшага шляхоцкага рушэння, агульнай колькасцю пад 3-х тысяч чалавек.

Напачатку кастрычніка ваяры Радзівілаў і Гансеўскага пераправіліся праз Бярэзіну і пачалі адваёўваць землі па левым беразе ракі. Яны занялі Копысь, Оршу і Дуброўну. У студзені 1655 г. атрад князя Лукомскага нават спрабаваў адбіць Віцебск, але атрымаў паразу ад ваяводы Мацвея Шарамецява.

А галоўныя сілы Масквы ў кастрычніку – лістападзе сышлі па хатах, на зімовыя кватэры. Менавіта гэта акалічнасць дазволіла ліцвінам дамагчыся некаторых поспехаў падчас восеньска – зімовага контрнаступу. 

Аблога Магілёва

З’явілася рэальная магчымасць вызваліць ад акупантаў Магілёў. Магілёўскі ваявода Ваейкаў пісаў цару: «в Могилеве твоих государевых ратных людей нет никого; а пушечного и ручного зелья и свинцу в Могилеве нет ничего, и пушек мало и около земляного валу по воротам сторож нет».

Аснову магілёўскага гарнізона павінны былі скласці мясцовыя здраднікі з палка К. Паклонскага. Аднак цар не давяраў ім. Каб утрымаць гэты важны горад, цар накіраваў у Магілёў новага ваяводу Івана Алфер’ява, які прыбыў туды 15 кастрычніка, а разам з ім 787 ратнікаў. Пабачыўшы, што горад не гатовы да абароны, Алфер’яў мабілізаваў мяшчан на ўзмацненне валоў і веж. 

У снежні 1654 г. у горад вярнуўся К.к Паклонскі са сваім палком, які налічваў каля 4-х тысяч чалавек "казакоў" з магілёўскай шляхты і мяшчан. А 3 (13) лютага 1655 г. у Магілёў прыбыў салдацкі полк Германа Фанштадэна са Шклова.

На пачатак аблогі гарнізон Могилнева налічваў каля 2,5 тысяч маскоўцаў і пад 4 тысячы “казакоў” Паклонскага. Артылерыя – 32 гарматы.

Умацаванні горада складаліся з 4-х частак: замак, Стары (Верхні) горад, Ніжні (Новы горад) і Задняпроўе. Умацаванні былі дрэва-земляныя, часткова з каменнымі вежамі. Новы горад практычна не быў умацаваны з боку Дняпра. А рака змерзла. Таму ў выпадку захопу задняпроўскай часткі можна было па лёдзе прайсці ў Новы горад.

У Радзівіла пад Магілёвам было не больш за 13 тысяч ваяроў і без артылерыі. Бо частка пехотных адзелаў абложвала Новы Быхаў, а харугвы літоўскіх татар і частка валанцёраў дзейнічалі ў іншых раёнах.

Страціўшы надзею хутка ўзяць Новы Быхаў гетман 31 студзеня (10 лютага) рушыў угару уздоўж Дняпра на Магілёў. Першыя яго адзелы з'явіліся поруч горада 2 (12) лютага.

Аблажыўшы Магілёў, Радзівіл прапанаваў жыхарам здацца. Але гарнізон не толькі адмовіўся, але і сам пайшоў у атаку. Вылазка маскоцаў была гэтак нечаканай, што войскі Радзівіла адышлі на некалькі вёрст і менавіта таму ў горад змог прайсці салдацкі полк Германа фон Штадэна (каля 1500 чал.), які ў той самы дзень прыйшоў са Шклова. Гэта моцнае падмацаванне дазволіла маскоўцам утрымаць горад падчас штурму 16 лютага.

Першы штурм 6 (16) лютага

Радзівіл, не чакаючы збору ўсіх сваіх войскаў, пачаў штурм горада. Ён спадзяваўся на дапамогу шляхты і мяшчан з палка Паклонскага. Сапраўды, палкоўнік адчыніў браму ў вялікім земляным вале і ўпусціў ліцвінаў у Зарэцкую слабаду (у Задняпроўскай частцы горада). Аднак да Паклонскага, які перайшоў на бок караля, далучыліся не больш за 500 чалавек з 4-х тысяч. Новым камандзірам яго палка стаў сотнік Паўла Акуркевіч.

Вароты Лупалаўскай слабады ніхто не адкрыў. Замест вольнага праходу праз іх прыйшлося ісці на штурм. Дывізія правага крыла разам з палкамі польскай пяхоты, на чале з Б. Радзівілам, зламала вароты і ў зацятым бою выбіла маскоўцаў з прадмесця. Маскоўскія салдаты Г. фон Штадэна пайшлі ў контратаку, але былі адбіты з вялікімі стратамі.

А дывізія левага крыла В. Гансеўскага выбіла з Зарэцкай слабады "казакоў" Акуркевіча.

Усяго ў гэтай бітве загінулі больш за 300 маскоўскіх салдатаў і пад тысячу мясцовых “казакоў”.

Затым абедзве дывізіі перайшлі раку па лёдзе і ўварваліся ў Новы горад, дзе некалькі гадзін ішоў бой. Аднак заняць яго ім не ўдалося. 

Нягледзячы на няўдачу ў захопе Верхняга горада, Радзівіл атрымаў перамогу, бо значна скараціўся перыметр аблогі. Частка войска гетмана размясцілася ў хатах задняпроўскай часткі Магілёва, а з высокіх будынкаў яны вялі прыцэльны агонь па людзях, што бралі ваду ў Дняпры. Запасы харча для 15 тысяч чалавек (гарнізона і жыхароў) таксама былі недастатковыя. 

Другі штурм

12 (22) лютага Радзівіл ізноў прапанаваў абложаным здацца, але атрымаў адмова. 18 лютага адбыўся новы штурм, які не даў поспеху, бо вал і сцены на валу не былі пашкоджаны артылерыйскім агнём – за адсутнасцю гармат. Тады гетмана загадаў капаць падкопы і закладваць міны.

Адначасова каля вёскі Даманы князь Аляксандр Палубінскі пабіў адзел князя Юрыя Рамаданоўскага (прыблізна 1300 чалавек), які спрабаваў прабіцца да Магілёва, але не змог яго цалкам знішчыць, а галоўнае – не адбіў артылерыю (10 гармат), з якой Рамаданоўскі вярнуўся ў Шклоў.

Стаяла халодная зіма. Ваяры Радзівілаў і Гансеўскага пакутавалі ад маразоў, хвароб і недахопы харча, з'явіліся дэзертыры. Радзівіл з дапамогай К. Паклонскага працягваў угаворваць гарнізон здацца, але дарма. А затрымка пад Магілевам ла мала ўвесь ягоны план. Выведка паведамляла, што ў Смаленск прыходзяць новыя часткі для новага вялікага наступу ўлетку.

У сакавіку Радзівіл загадаў спыніць аблогу Новага Быхава, у якім сядзеў Іван Золотаренко са сваімі казакамі. Той пачакаў, пакуль сыдзе лёд і 17 (27) красавіка адправіў па Дняпры на дапамогу Магілёву два палкі (Нежынскі і Старадубскі) пад камандаваннем свайго брата Васіля, а сам пайшоў у Шклоў, да князя Рамаданоўскага.

Трэці штурм (19 красавіка) 

Радзівіл рыхтаваў штурм Верхняга горада і Замка. Пад валы падвялі 3 падкопы (чацвёрты абваліўся). Досвіткам 9 (19) красавіка войскі пайшлі на штурм. Падзяліўшыся на 5 частак, яны атакавалі з усіх бакоў. З-за недахопу пяхоты гетман загадаў рэйтарам і гусарам ваяваць у пешым парадку.

Штурм праваліўся. Міны, узарваныя ў падкопах, не разбурылі валы. Атака на Верхні горад хутка захлынулася, бо сустрэла моцны агонь з гармат і стрэльбаў. Салдаты і драгуны прабіліся да сцен Замка і пачалі іх руйнаваць. Але з прычыны страты кіравання адзеламі і памылак у апазнанні раптам адступілі драгуны з палка каралеўскай гвардыі і шматлікія добраахвотнікі, а за імі – і салдаты пяхотных палкоў. 

Становішча войска гетмана ўвесь час пагаршалася, яна паступова губляла баяздольнасць з прычыны страт, дэзертырства і хвароб. Прыйшлося Радзівілу 1 (11) траўня спыніць аблогу і сысці. Разам з ім сышла частка жыхароў Зарэчча.

Стралецкія і салдацкія палкі маскоўцаў страцілі палову свайго складу – не менш за 2 тысячы чалавек. Страты Радзівіла за ўвесь час контрнаступу былі каля 5 тысяч, з іх палова пры аблозе Магілёва. 

Аблогі Старога Быхава 

Горад Стары Быхаў прыналежаў Казіміру Льву Сапегу (1609—1656), падканцлеру ВКЛ. Кіраваць абаронай горада ён прызначыў Канстанціная Багушэвіча, а яго намеснікам – Крыштафа Пагірскага.

Стары Быхаў быў акружаны земляным валам з 11 бастыёнамі галандскага тыпу. Да пачатку аблогі іх адрамантавалі і ўзмацнілі. Вал меў вышыню 7 – 8 метраў, шырыню ў нізе 30 метраў. У ім былі тры брамы. З усходу горад быў абаронены Дняпром і каменным замкам (77 х 100 м).

Першая аблога

Да пачатку першай аблогі ў Стары Быхаў прыйшло шмат уцекачоў. У жніўні прыйшлі салдаты-найміты. Крэпасць маглі абараняць каля 4200 чалавек (600 чалавек наёмнай пяхоты, 200 гайдукоў, 100 драгунаў, каля 300 чалавек шляхоцкага рушэння, а таксама мяшчанскае рушэнне – 2000 хрысціян, 1000 габрэяў). Артылерыя складалася з 4 цяжкіх і 26 палявых гармад. Меліся запасы пораху і свінцу, ядраў і куль, правіянта, корму для канёў на больш чым год абароны.

Спачатку горад аблажылі казакі Івана Залатарэнкі. Яны прыйшлі сюды ў апошнія дні жніўня ці ў першы тыдзень верасня. Іх было ад 6 да 8 тысяч. Аднак казакі не ўмелі штурмаваць крэпасці. Да таго ж у іх не было цяжкіх гармат.

Гарнізон рабіў вылазкі. Самая буйная адбылася 22 верасня (2 кастрычніка), калі быхаўцы забілі ці паранілі некалькі дзясяткаў казакоў, разбурылі некалькі шанцаў, захапілі 3 палявыя гарматы.

Набліжэнне зімы і контрнаступ войска Радзівіла прымусілі Залатарэнку зняць аблогу і сысці ў Новы Быхаў. Гэта адбылася 28 лістапада 1654 г. 

Другая аблога

Пасля зняцця аблогі шмат шляхты і мяшчан (асабліва з ліку габрэяў) з'ехалі са Старога Быхава і колькасць яго абаронцаў скарацілася. Але Казімір Леў Сапега наняў яшчэ 1200 салдат і даслаў іх у горад.

Казакі зноў прыйшлі да Старога Быхава 17 траўня 1655 г. (па старым стылі – 7 траўня). Іван Залатарэнка адразу перадаў у горад ліст, у якім патрабаваў неадкладнай капітуляцыі. У адваротным выпадку ён абяцаў забіць усіх мяшчан, у тым ліку дзяцей. Праз 10 дзён ён перадаў другое такі ж ліст. Але мяшчане адказалі, што не здадуцца. Стаміўшыся чакаць, гетман Багдан Хмяльніцкі загадаў Залатарэнку выкапаць перад брамай роў, каб гарнізон не мог рабіць вылазкі і паставіць заслоны, а на штурм не хадзіць.

Неўзабаве запарожцаў атрымалі іншыя заданні, а іх змянілі войскі князя Аляксея Трубяцкога – 11 палкоў на чале з афіцэрамі-наймітамі.

Тым часам гараджане атрымалі грамату караля Яна II Казіміра (ад 31 траўня 1655 г.), у якой ён за мужнасць вызваліў горад ад усіх падаткаў на 20 гадоў, а таксама за свой рахунак наняў яшчэ 300 чалавек нямецкай пяхоты для ўзмацнення быхаўскай абароны.

У чэрвені ў Стары Быхаў прыйшла грамата ад цара Аляксея Міхайлавіча, у якой ён таксама заклікаў іх здацца. З такой самай прапановай некалькі разоў да мяшчан звяртаўся Трубяцкі, але яны адмаўляліся. Па начах быхаўцы нападалі на маскоўцаў, наносячы ім страты. Напачатку жніўня частку войскаў ад Старога Быхава паслалі да Слуцку і на берагі Нёмана. Неўзабаве пасля гэтага аблога горада скончылася.

Трэцяя аблога 

7 кастрычніка да Старога Быхава вярнулася войска Івана Залатарэнкі і аднавіла аблогу. Наступным днём быхаўцы зрабілі вылазку і ў баю з імі Іван Залатарэнка загінуў. У гэта ж час пачалося паўстанне казакоў супраць сваіх старшынаў. Іх войска страціла баяздольнасць і пайшло дахаты. 

У канцы 1655 г. маскоўскія войскі знялі аблогу горада. Каля Старога Быхава застаўся толькі полк казакоў (22 сотні) Івана Нячая. Тым часам гарнізон меў 1200 наймітаў-пяхотнікаў, 17 харугваў мяшчан, 500 габрэяў і атрады сялян. Найміты абаранялі замак, мяшчане стаялі на валах. Ворагі час ад часу абстрэльвалі горад, там сканчаліся запасы хлеба.

У 1656 г. было складзена Віленскае перамір'е. Падчас перамір'я аблога Старога Быхава спынілася.

А напачатку 1657 г. быхаўцы самі пусцілі ў горад казакоў. Нячая, які ўжо паспеў здрадзіць цару.

Стары Быхаў пратрымаўся 18 месяцаў дзякуючы тром чыннікам: 1) моцным умацаванням; 2) вялікім запасам харча і пораху; 3) высокаму маральнаму духу абаронцаў.

Праз 19 гадоў, 20 сакавіка 1676 г., кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі выдаў привилей, у якім пацвердзіў усе ранейшыя падараванні жыхарам Старога Быхава, даў ім права вольнага гандлю на ўсіх рэках ВКЛ і Кароны, вызваліў ад падаткаў яшчэ на 20 гадоў. Ён таксама выказаў надзею на тое, што «іншыя нашы падданыя, духавенства і шляхта, з такой дабрадзейнасці і веры, і абароны супраць непрыяцеля, прыклад будуць браць».

Аблога Слуцку

З пачаткам лета 1655 г. маскоўцы і казакі пайшлі ў новы наступ на землі ВКЛ. Адной з іх мэт быў Слуцк.

Уладар Слуцку князь Багуслаў Радзівіл у папярэднія гады ператварыў горад у магутную крэпасць. Улетку 1654 г. ён павялічыў слуцкі гарнізон, а слуцкім камендантам прызначыў Вільгельма Патэрсона. Увесну 1655 г. Радзівіл павялічыў гарнізон. да 1000 салдат-наймітаў. А з мяшчан князь сфармаваў 4 палка (каля 1800 чалавек).

З пачатку 1655 г. па яго загаду мяшчаны ўзмацнялі старыя ўмацаванні і ўзводзілі новыя. Пасля правалу аблогі Магілёва князь Багуслаў сам прыехаў у Слуцк. Пад яго наглядам было скончана будаўніцтва новага замка і ўсіх іншых умацаванняў.

2 верасня 1655 г. да Слуцку прыйшло войска крывавага ката Мсціслава, князя Трубяцкога. У ім было пад 5 тысяч чалавек. Трубяцкі адразу прапанаваў Слуцку здацца. На гэта гарнізон адказаў стрэламі з гармат па яго ратніках. Той жа ночч маскоўцы пайшлі на штурм. Але салдаты гарнізона адкінулі іх, страціўшы ў баю толькі аднаго чалавека.

6 верасня паміж случаками і маскоўцамі адбыўся артылерыйскі двубой, які маскоўцы прайгралі. Вельмі тым раззлаваныя, яны спалілі гарадское прадмесце. З пад Слуцку Трубяцкі пісаў цару:

«…деревни, и хлеб, и сено, и всякие конские кормы мы по обе стороны жгли, и людей побивали, и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали».

Затым ён адступіў ад крэпасці і пайшоў у бок Нясвіжа, спусташаючы ўсё на сваім шляху. Яго бандыты занялі без бою і спалілі Клецк, Мір, Мыш, Сталовічы, шэраг іншыя гарадоў і мястэчак. Насельніцтва выразалася амаль цалкам, як дакладаў Трубяцкі цару – «усіх высеклі ў пень!» Аляксей Трубяцкі і Іван Залатарэнка ўвайшлі ў гісторыю як самыя ненаедныя людажэрцы ў той вайне, сапраўдныя крывавыя пачвары!

27 верасня 1655 г. войска Трубяцкога і казакі (разам каля 7 тысяч чалавек) ізноў прыйшлі да Слуцку. Трубяцкі зноў патрабаваў здачы горада, перапраўляў лісты з абяцаннямі мяшчанам розных патуранняў. Але гэтаму гнюсу ніхто не верыў. Начальнік гарнізона палкоўнік Вільгельм Патэерсон адправіў да яго арыштанта з гарадской турмы з лістом, у якім напісаў, што Слуцк трэба здабываць крывёй, а не лістамі.

У ноч з 29 на 30 верасня войска Трубяцкога сышло па дарозе на Казловічы і Любань. Князь адвёў сваіх салдатаў пасля таго, як гарнізон адказаў агнём на чарговую прапанову здацца. Пры адступе ар’егард маскоўцаў спаліў прыгарадную вёску Кляпчаны.

Больш войскі Масквы не атакавалі Слуцак. На працягу ўсёй 13-летняй вайны Слуцк нікім не быў узяты.

Захоп Вільні (29 ліпеня/8 жніўня 1655 г.) 

У другой палове траўня 1655 г. маскоўскае войска на чале з князям Якавам Чаркаскім выйшла са Смаленска. Разам з тым войскам ехаў пад моцнай аховай і сам цар Аляксей Міхайлавіч. 19 (29) чэрвеня маскоўцы захапілі Барысаў, каля якога з імі злучыліся казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі. Разам яны 3 (13) ліпеня захапілі Мінск і адтуль праз Смаргонь рушылі на Вільню.

У палявым лагеры (абозе) перад Вільняй знаходзіліся гетман найвышэйшы Януш Радзівіл і гетман польны Вінцэнт Гансеўскі са сваімі ваярамі. Маскоўцы мелі намер атакаваць іх ужо 26 ліпеня. Але пераправы праз багністыя мясцовасці затрымалі наступ, і да пазіцый суперніка яны выйшлі вячоркам 27 ліпеня (7 жніўня). Ад абозу да Вільні была палова мілі (2 км).

Колькасць войска ВКЛ у той момант, па дакументах на выплату жалавання, была такая: дывізія Радзівіла – 5920 чалавек, дывізія Гансеўскага – 3880, паспалітае рушэнне Віленскага і Троцкага ваяводстваў – 2825. Усяго 12.625 чалавек.

Войска ж маскоўцаў, татар і казакоў налічвала пад 35 тысяч чалавек, у 2,7 разы больш, чым супольна ў палках і харугвах Радзівіла, Гансеўскага і паспалітага рушэння.

Даведаўшыся пра вялікую перавагу супраціўніка ў колькасці ваяроў, Я. Радзівіл і В. Гансеўскі сталі вырашаць, што ім рабіць: даць бой ворагу перад горадам, абараняць Вільню на гарадскіх сценах, ці сысці за Вілію, дачакацца там падмацаванняў (да Вільні ішоў з Польшчы корпус у 2120 чалавек) і толькі тады ваяваць? 

Віленскі немец Мацей Форбек Леттов у сваім дзённіку пісаў, што Радзівіл прапанаваў пакінуць горад, а Гансеўскі – абараняць яго. Менавіта спрэчкі паміж гетманамі і падзел войска Леттов лічыў галоўным чыннікам няўдачы бітвы за Вільню.

/* Мацей Форбек-Леттов (Maciej Vorbek-Lettow; (1593—1668), быў немец, бацькі якога жылі ў Вільні. Атрымаў ступень доктара медыцыны ва ўніверсітэце Падуі. Вярнуўшыся на радзіму, у 1615—1632 гг. служыў лекарам у гетмана польнага Крыштафа Радзівіла. Пасля гэтага ў 1632—1648 гг. быў асабістым лекарам і сакратаром караля Уладзіслава IV. Яго мемуары «Скарбніца памяці» (Skarbnica pamiеci) выдадзены ў Польшчы. /

Усе ж гетманы вырашылі ўначы з 27 на 28 ліпеня (7—8 жніўня) патаемна сысці з палявога лагера ў горад. Але дывізія Радзівіла адразу прайшла праз увесь горад і па Зялёным масце пераправілася на іншы бераг Віліі, пакінуўшы перад мостам моцны заслон. А дывізія Гансеўскага разам з паспалітым рушэннем засталася ў горадзе, каб даць бой ворагу. Нічога добрага з таго не атрымалася.

Раніцай у нядзелю 8 жніўня маскоўцы і казакі ўварваліся ў абоз ліцвінаў, дзе з імі пачала бой пакінутая тут застава – менш за тысячу чалавек. Хутка яе адціснулі да горада і «на плячах» адступаючых праз дзве адчыненыя брамы ўварваліся ў горад. Леттов пісаў, што бой у палявым лагеры доўжыўся з 9 да 10 гадзін раніцы. 

Страты войска Радзівіла былі невялікія. Пра гэта пісаў Габрыэль Любянецкі:

«…наша войска адступіла з Вільні з невялікімі стратамі, якія адбыліся ў барацьбе з маскоўцамі за пераправу праз Вілію».

Тое ж самае паведамляе М. Леттов:

«…тыя, хто ў той час вазам сваім сказаў ісці за мост, тыя ў цэласці перайшлі, а якія на тым баку засталіся – тыя маскоўцам і казакам дасталіся».

Ваяры ж Гансеўскага разам са шляхтай паспалітага рушэння большую частку дня мужна змагаліся на вуліцах з ворагамі і панеслі вялікія страты. М. Леттов адзначыў:

«Тутэйшая шляхта праз здрадлівае засмучэнне не жадала з ім /Радзівілам/ злучацца: і ў выніку гэты натоўп збег з вялікімі стратамі».

Гансеўскі жадаў даць віленскім мяшчанам і ўцекачам магчымасць пакінуць горад.  У Вільні напярэдадні захопу горада знаходзілася шмат жыхароў. Большасць іх кінулася ратавацца ад ворагаў. Разумныя – раней, іншыя – у апошюю гадзіну. Адзін з рабінаў Вільні Моше Рыўкес успамінаў у сваёй кнізе «Крыніца для выгнаных»:

«Калі страшнае войска падышло да брамы Вільні, з горада збегла амаль уся габрэйская абшчына – адны на канях і вазах, іншыя пешшу, несучы малалетніх дзяцей на плячах. Далёка разносіўся іх лемант і з маіх вачэй слязы цяклі ручаём».

У Вільні знаходзіліся шмат уцекачоў з іншых гарадоў і мястэчкаў, ужо захопленых маскоўцамі. У спісах людзей, якія прыйшлі разам з Янушам Радзівілам у Прусію, паказана больш за 6000 уцекачоў, сярод іх віленцаў усяго толькі паўтары тысячы. 

М. Леттов піша, што калі маскоўцы, татары і казакі ўварваліся ў горад, шмат жыхароў кінуліся на ўцёкі да Зялёнага моста.

«Але гэта ўжо было позна. Некаторыя са зброяй спрабавалі прадрацца праз мост – валіліся з моста і захлыналіся ў вадзе. У выніку стала гэта вялікім бедствам, якое немагчыма апісаць».

А вось словы з данясення «мясніка» Трубяцкога:

«…которых, государь, польских и литовских людей в Вилне застали, и которые за мост перебратца не успели, побили и поймали».

Мяшчаны стварылі велізарны натоўп з вазоў і канёў перад вузкім каменным мостам. Далёка не ўсё паспелі перайсці праз той мост. Менавіта таму маскоўскім салдатам і казакам давялося узяць значную частку ўцекачоў у палон, а другую частку забіць. І абрабаваць як першых, так і другіх.

Леттов удакладняе, што драгуны і пяхота Радзівіла да шасці гадзін вечара абаранялі мост і тых людзей, што спрабавалі прабіцца праз яго ў бліжэйшы лес і далей у навакольныя вёскі. Драўляны насціл каменнага «Зялёнага моста» Радзівіл загадаў падпаліць увечар, перад сваім сыходам ад Вільні.

Сам Гансеўскі зняў верхнюю адзежу, пераплыў Вілію і далучыўся да Радзівіла. Тое ж самаен зрабілі ягоныя ацлеўшыя салдаты і павятовая шляхта. Затым усе разам з дывізіяй Радзівіла пайшлі ў бок Кернава і далей на Кейданы.

А ў віленскім замку на гары замкнуўся невялікі адзел, які здаўся ўжо 31 ліпеня (10 жніўня).

Нарэшце споўнілася даўняя мара маскоўцаў – яны захапілі Вільню, сталіцу Вялікага Княства. Тут захопнікі «адарваліся» па поўнай праграме!

Разня ў горадзе доўжылася тры дні (29—31 ліпеня /8—10 жніўня). Па падліках Марыі Лаўмяньскай (1929 г.), страты адных толькі жыхароў Вільні склалі не менш за 15 тысяч чалавек, большасць сярод якіх былі жанчыны і дзеці. Да іх трэба дадаць 4—6 некалькі тысяч загінуўшых уцекачоў з іншых гарадоў і мястэчкаў, а таксама ваяроў з дывізіі Гансеўскага і – асабліва – з рушэння павятовай шляхты. Разам ад 20 да 25 тысяч ахвяр. 

Уварваўшыся ў горад, маскоўцы разбуралі або ламалі ўсё, што траплялася ім на вочыі. Асаблівай жорсткасцю адрозніваліся казакі. Яны адсякалі галовы каталіцкім і ўніяцкім святарам, а затым нагруднымі крыжамі забітых "ганялі іхныя галовы па пляцы». Відавочнікі апісваюць велізарныя лужыны крыві, кучы трупаў манахаў і манашак поруч храмаў:

«Касцёлы і саборы багатыя разбураны, будынкі пераўтвораны ў попел. Кроў нявінных /людзей/ ільецца струменямі, дзяцей і жанчын пасечаных шаблямі, манахаў і манашак шмат лягло на пляцы ў кожнага касцёла».

Крыху пазней на перамовах з маскоўскім пасланцам Васілём Ліхаравым гетман Януш Радзівіл вінаваціў маскоўскіх захопнікаў у жорсткасці, з якой яны забівалі жыхароў Вільні і навакольных паветаў: «сівых жанчын і малых дзяцей завошта секчы і хаты паліць? Нідзе такога спусташэння няма». На гэта Ліхараў дыпламатычна адказаў: «тово посеченья не ведаю, авося будет и то есть: война без тово не живе».

Маскавіты і казакі разрабавалі ўсе храмы і манастыры (у тым ліку праваслаўныя), палацы, гандлёвыя крамы, уласныя дамы жыхароў. Захваліся пісьмовыя сведчанні відавочнікаў пра татальнае разбурэнне захопнікамі каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў, здзіранне медзі і здыманне званоў з праваслаўных цэркваў. Вываз велізарнай колькасці трафеяў з Вільні пацвярджаюць і маскоўскія дакументы. Разбурэнні давяршыў пажар, які доўжыўся 6 дзён (29—31 ліпеня і 1—3 жніўня). Вось як падаў рабаванне і руйнаванне Вільні расійскі гісторык Фларыян Дабранскі (1848—1919):

«Все, что было святого и красивого внутри и вне города, предано пламени; остальное разрушено, не только кровы, но и сами гробницы. Действительно, из документальных источников известно, что при вторжении русских сильно пострадал иезуитский костёл Св. Казимира на рынке (ныне Николаевский Кафедральный собор), где не были пощажены даже надгробные памятники фамилии Гонсевских. В костёле Св. Михаила монахинь бернардинок, оставленном его обительницами, пострадали богатые гробницы основателя и строителя костёла, знаменитого Льва Сапеги и его семейства; сами трупы были повыброшены из гробниц. Церковные драгоценности кафедральнаго костела Св. Станислава попали в руки казаков. (…).

После разграбления города на улицах остались лежать трупы. Так, Алексей Михайлович, въехав в город, был приведен в ужас, увидев на улицах неубранные до сих пор тела убитых и приказал немедленно предать их погребению»*.

/* Добрянский Ф. Старая и Новая Вильна. Изд. 3-е. /

Цар Аляксей 4 жніўня урачыста заехаў у пагарэлую і разрабаваную Вільню, дзе паўсюль ляжалі тысячы трупаў мірных жыхароў, па-зверску забітых маскоўцамі, татарамі і казакамі.

Тут ён паведаміў сваім ваяводам, дзякам ды «бліжнім баярам», што прымае на сябе тытул «гаспадара Полацкага і Мсціслаўскага», а пасля ўзяцце апошніх літоўскіх гарадоў возьме яшчэ і тытул «вялікага князя Літоўскага, Белай Русі, Валынскага і Падольскага». І яшчэ ён дадаў, што потым пойдзе на Варшаву!

Cтрата і разбурэнне Вільні – найбольшая трагедыя другога года вайны.

Пасля Вільні ў жніўні маскоўцы захапілі яшчэ Коўна (Каўнас) і Гародню.

Вільня ў першай палове XVII ст.

Крыніца: Cellarius A. “Regni Poloniae, Magnique Ducatus Lituanie Novissima Descriptio”. Amsterdam, 1659. (А. Целаріус. “Навейшае апісанне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага”)

Бітвы пад Брэстам и каля Вярховіч (11—17 лістапада 1655 г.)

У першыя дні верасня 1655 г. да гетмана вялікага Радзівіла ў Кейданы прыехаў дваранін Васіль Ліхараў з прапановай пра пераход на службу цару Аляксею. Але ў адказ ён пачуў, што магнаты і шляхта перайшлі ў падданства да швецкага караля.

Аднак Ліхараў, быўшы ў Кейданах, сустрэўся яшчэ з гетманам польным Вінцентам Гансеўскім, і той паведаміў, што ён сам, і шмат хто са шляхты не жадаюць служыць швецкаму каралю. А 19 верасня баярын Фёдар Рцішчаў прыехаў у Камянец на перамовы з палкоўнікамі Жаромскім, Ліпніцкім і Кміцічам, якія служылі Гансеўскаму. Палкоўнікі паведамілі, што неўзабаве пасля ад'езду В. Ліхарава гетман Я. Радзівіл загадаў арыштаваць Гансеўскага, пасля чаго верныя польному гетману афіцэры з’ехалі з лагера Радзівіла ў Брэст, да ваяводы віцебскага Паўла Сапегі, якога кароль Ян Казімір прызначыў вялікім гетманам пасля «здрады» Радзівіла.

Разам з гэтымі трыма палкоўнікамі Рцішчаў паехаў у Брэст, дзе сабраліся магнаты і шляхта, якія ўцяклі ад маскоўскіх і швецкіх войскаў. На перамовах Сапега папытаў Рцішчава перадаць цару, каб той спыніў ваенныя дзеянні. Але яшчэ да прыезду Рцішчава ў Камянец, а менавіта 14 верасня, князь Сямён Урусов атрымаў ад цара загад ісці паходам «прямо за Немон под Брест и под иные городы», а калі атрымаецца, то «воевать… корунные (польские) городы и места». 

23 кастрычніка войска Урусава выйшла ў паход з-пад Коўна. Праз тыдзень, 30 кастрычніка, пад Гародняй яно ўступіла ў бой з палком Якуба Кунцэвіча. У тым баю полк ліцвінаў быў рапабіты. Пасля бою Кунцэвіч сустрэўся з маскоўскім ваяводай, паабяцаў яму ўсім палком даць прысягу на вернасць цару і пакінуў князю закладнікаў – Яна Храбтовіча і некалькі шляхцічаў.

Напачатку лістапада войска Урусава падышло да Брэста. А ў гэта самы час у Брэст прыехаў Ян Фрэдэрык Сапега, пасланы швецкім каралём Карлам Густавам. Ён сустрэўся з князем Урусавым і паведаміў, што «Павел Сапега жадае быць пад швецкай каронай». А той у адказ заявіў, што Ян Фрэдэрык памыляецца, Павел Сапега перад Рціўчавым ужо прысягаўся цару. Псля  той размовы Урусаў наблізіўся да Брэста з часткай свайго войска і паслаў у горад аднаго са шляхцічаў, якія былі закладнікамі разам з Кунцэвічам – перадаць патрабаванне вылучыць яго ратнікам двары для пастою.

Сваім салдатам ваявода абвясціў, што «бою з літоўскімі людзьмі не будзе». Тут і высвятлілася, што гэта ён памыляўся, а не Ян Фрэдэрык. Конніца Паўла Сапегі 11 лістапада раптам атакавала Урусава «на брэсцкім полі» і разбіла маскоўцаў. Пазней Урусаў пісаў цару:

«…государевых ратных конных людей сотни правую сторону збили, а с левую сторону сотни побежали, а… государево знамя и… пехоту покинули. А дворян и ясаулов и знаменщиков осталось человек з дватцать, И я (Урусов)… с теми дворяны стоял у пехоты. И как литовские люди почали пехоту сечь, и меня… объезжать, и в те поры скочил ко мне встречю товарыщ мой, князь Юрья /Баратынскі/, и мы… пошли к наряду отходом».

Князь з войскамі адступіў за раку, але неўзабаве быў выбіты і адтуль. У лісце цару ён паведаміў, што “польскія людзі” ўначы прывезлі “наряд” (артылерыю) і адкрылі агонь. Ім спрабаваў адказваць палкоўнік Мартын Карміхель са сваімі салдатамі, але быў паранены.

«А нас (царских ратников) «польские люди» из обоза (полевого лагеря) выбили и мы сожгли все переправы на десять верст, а сами следующей ночью отошли от Бреста на 25 верст и стали в деревне Верховичи».

Але ўслед за князем да Вярховічаў прыйшоў Сапега, атачыўі войска Урусава і Баратынскага з усіх бакоў, і маскоўцы стаялі там у аблозе два дня і дзве ночы.

Гетман Сапега прапанаваў пачаць перамовы. Яго прадстаўнікі палкоўнікі Жаромскі, Ліпніцкі і Халецкі перадалі Урусаву ўмовы капітуляцыі:

1. Вярнуць шляхцічаў-закладнікаў;

2. Гарматы аддаць, стрэльбы пакінуць сабе;

3. Сцягі і барабаны ўсе аддаць;

4. Ісці назад у Коўна тый жа шляхам, па дарозе нікога не рабаваць, правіянт і фураж купляць;

5. Застаў ва ўсіх паветах ад Нёмана да Коўна не пакідаць;

6. Пакрыць страты, прычыненыя маскоўцамі Брэсцкаму ваяводству;

7. Ліцвінаў, узятых у палон, неадкладна адпусціць.

Хразумела, што Урусаў адмовіўся. Тады 17 лістапада войска Сапегі пайшло ў наступ на маскоўскі абоз, каб атачыць з усіх бакоў. Маскоўцам губляць было няма чаго, і яны кінуліся на прарыў дзвюма калонамі. Адну калону (полк наўгародцаў) вёў Урусаў, іншую – Юры Баратынскі.

Урусаў напісаў цару, што пад Вярховічами ён і “князь Юрья” разбілі літоўскіх людзей, ды не проста разбілі, “а секлі іх і гналі шэсць вёрст у бок Брэста”, і 50 чалавек узялі ў палон. Уся гэта хлусня. Войска Урусава і Баратынскага панесла вялікія страты, але вырвалася з атачэння і паспешна сышло на паўночны ўсход, у бок Полацку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:7)

Тэма 19. 

Першыя беларускія партызаны

Традыцыя масавага народнага супраціву акупантам існуе ў нашай гісторыі ўжо больш за чатыры стагоддзі. 

У часы «Патопу» з самага пачатку вайны царскія ратнікі і запарожскія казакі нікому не давалі літасці – не толькі каталікам, уніятам і габрэям, але і праваслаўным. Рабаванне і забойствы, здзекі і гвалты, паленне вёсак, мястэчак і гарадоў, масавы вывад людзей у няволю... Стагнаў увесь край. Нават Каліст, праваслаўны япіскап Полацкі і Віцебскі, шчыры прыхільнік маскоўскага цара, не вытрымаў і напісаў ваяводзе Івану Хаванскаму:

«Навошта столькі крыўды, пакут і забойстваў у гарадах і вёсках, у лясах і на поле? За што ў кожным месцы чуецца плач і льюцца слёзы?»

Таму ўжо летам 1654 году жыхары Смаленскага, Мсціслаўскага, Полацкага і Віцебскага ваяводстваў пачалі брацца за зброю. Напрыклад у ліпені 1654 г. вялікі адзел узброеных сялян Якава Патапава з вёскі Калеснікі зрабіў некалькі нападаў на асобныя часткі войска ваяводы Аляксея Трубяцкога, якое ішло да Мсціслаўля.

Некаторыя адзелы народных мсціўцаў налічвалі дзясяткі чалавек, іншыя – сотні, асобныя больш за тысячу. Яны былі дрэнна ўзброеныя (косы, вілы ды сякеры, значна радзей стрэльбы), але за кошт колькаснай перавагі маглі паспяхова змагацца з невялікімі групамі ворагаў, што і рабілі. Яны хаваліся ў лясах і балотах, у маленькіх вёсках, і нападалі знянацку, калі ворагі не чакалі ніякай пагрозы.

Царскія ваяводы называлі іх «шышамі», што ў тыя часы пазначала «разбойнікі». Але на самой справе тое былі першыя беларускія партызаны.

Сялянскія адзелы «шышоў» перш за ўсё спрабавалі бараніць свае вёскі і сёлы ад ваяроў маскоўскіх ваявод ды палкоўнікаў і ад казакоў братоў Залатарэнкаў. Больш за тое, яны бачылі ворага ў кожным чалавеку са зброяй у руках, які паквапіўся на іх скаціну, хлеб, жанчын ці дзяцей. Такія адзелы узначальвалі сама адважныя сярод іх. Але да нас дайшло мала імён. Адзін з тых, пра каго нешта ведаем – Дзяніс Мурашка.  

Іншыя партызанскія адзелы фарміравала і ўзначальвала шляхта адмыслова для дзеянняў у тыле ворага. Яны дзейнічалі як самастойна, гэтак і сумесна з вайсковымі часткамі. Напрыклад, улетку 1654 г. цару данеслі, што пад Раслаўлем «разам з літоўскімі людзьмі былі злодзеі, мсціслаўскія і крычаўскія мужыкі, якія цару здрадзілі».

На пачатку студзеня 1655 г. у Любавіцкую воласць Смаленскага ваяводства прыйшлі 600 літоўскіх конных людзей, да якіх «прысталі Любавіцкія і Мікулінскія ды іншых воласцяў мужыкі з 3000 чалавек». 

У сярэдзіне лютага 1655 г. «шышы» прыходзілі да сяла Самсонава. Падчас бою з імі былі захоплены копыскі шляхціч Філон Красоўскі і пяць «сялян-шышоў». Адзін з іх, Сенька Дзічкоў, распавёў, што «яны з сяла Раманава, стаялі ў Звяровічах, а камандзірамі ў іх паны Дынка ды Верыян» (то бок – шляхцічы).

А на пачатку траўня 1655 г. у сяло Донты Полацкага павета прыйшоў з лагера гетмана Радзівіла палкоўнік Лазоўскі «з літоўскімі ратнымі людзьмі і з мужыкамі-шышамі».

Паспяховымі партызанскімі дзеяннямі супраць акупантаў у 1654—56 гг. атрымаў вядомасць мазырскі суддзя Самуэль Аскерка (1600—1675).

У сакавіку – красавіку 1655 г. гетман Януш Радзівіл накіраваў у Смаленскі павет супраць маскоўскіх акупантаў да сяла Мігновічы і суседніх сёл адзел на чале з панам Валовічам з 700 чалавек коннай шляхты і татараў. Разам з Валовічам у Смаленскам павеце дзейнічаў і сялянскі адзел Я. Патапова. 

У траўні – чэрвені 1655 г. шышы дзейнічалі ў раёне Мсціслава, Дуброўны, Горак, Гор, Раманава, пад Азярышчамі. У прыватнасці, у Полацкім павеце дзейнічаў атрад з 600 шышоў на чале з панам Мацвеям Мажэйкам.

Калі сяляне-партызаны траплялі ў палон, маскоўцы жорстка каралі іх пугай, адразалі ім насы і вушы, пасля чаго адпускалі па хатах каб сваім жудасным выглядам яны застрашвалі ўсіх, хто іх бачыў.

Але на трэці год вайны (у 1656-м) народны супраціў захопнікам распаўсюджыўся на ўсіх ваяводствах ВКЛ. Жаданне адпомсціць акупантам яднала сялян, гараджан і шляхту. Як вядома, на пачатку вайны праваслаўныя жыхары Вялікага Княства віталі царскіх ваявод, то паступова не засталося тых, хто б не хацеў пазбавіцца ад рабунку і здзекаў акупантаў. Найлепшы прыклад таго, як змянілся настроі насельніцтва – паўстанне жыхароў Магілева ў лютым 1661 году.  

Трэба дадаць, што сёння мы ведаем толькі пра тых партызанаў, звесткі аб якіх трапілі ў дакументы. Напрыклад, як пра аршанскага харунжага Самуіла Кміціча (каля 1630—1692). Ён у верасні – кастрычніку 1658 г. на чале 12 конных харугваў вельмі паспяхова дзейнічаў у глыбокім тыле маскоўскіх захопнікаў ва ўсходніх паветах Вялікага Княства.

На самой справе партызан было шмат. І яны адыгралі сур’езную ролю ў барацьбе з ратнікамі цара Аляксея і казакамі гетмана Хмяльніцкага, асабліва падчас контрнаступу войскаў Рэчы Паспалітай у 1660—61 гг. Нават у американскай «Энцыклапедыі ваеннай гісторыі» (1993 г.) адзначана:

«Вайскам цара Аляксея Міхайлавіча сур’ёзна перашкаджалі вылазкі мясцовых партызан»*.

/* См.: «The Harper Encyclopedia of Military History: From 3500 B.C. to the Present». Chapter XIV. The origin of modern strategy and tactics. /

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.1 (оценок:10)

Тэма 20. 

Кейданская ўнія (жнівень – снежань 1655)

Ад Вільні вялікі гетман Януш Радзівіл з рэшткамі войска (5 тысяч чалавек), нямоглы абараніць сталіцу, адступіў у Жамойць, дзе яму належыла мястэчка Кейданы. Крыху раней швецкі кароль Карл X Густаў абвясціў вайну Польшчы і распачаў наступ у Інфлянтах (Лівоніі). Гарады здаваліся шведам без бою. А калі шведы высадзіліся ў Памор’і, польскае войска хутка капітуліравала!

А маскоўска-казацкія войскі занялі ўжо амаль усю Літву і Русь (украінскія валадарствы Кароны) і набліжаліся да Любліна. Паўстала рэальная пагроза падзела Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй і Масковіяй.

Для Літвы склалася вельмі цяжкая сітуацыя. Тады Януш Радзівіл вырашыў пайсці на ўнію са Швецкім каралеўствам, таму што не бачыў іншага спосабу выратаваць дзяржаву.

10 жніўня ў Рыгу, дзе знаходзіўся намеснік швецкага караля Магнус Дэлагардзі, прыехаў Г. Любянецкі, пасол ад Радзівіла, і папрасіў заступніцтва. Ён прывёз праект пагаднення з каралём швецкім аб уніі, які падпісалі ў Кейданах 436 вайскоўцаў, службоўцаў ды святароў ВКЛ (у тым ліку каталіцкіх).

Ужо на наступны дзень узрадаваны Дэлагардзі адправіў ганца да цара Аляксея Міхайлавіча з паведамленнем, што Літва перайшла пад уладу караля Карла-Густава, таму цар павінен спыніць наступ. Аднак гэта не выратавала Вільню ад захопу маскоўцамі.

З прычына разладу сярод прыхільнікаў пагаднення перамовы са шведамі працягнуліся. І 20 жніўня ў Кейданах шведы і ліцвіны падпісалі новы варыянт дакумента, які меў 12 артыкулаў. Подпісы пад ім з боку ВКЛ паставілі 1142 асобы – шляхта і каталіцкае духавенства. 

Па ўмовах пагаднення, ВКЛ выходзіла з Люблінскай ўніі з Польскім каралеўствам, каб стварыць унію са Швецыяй. Кароль Швецыі рабіўся вялікім князям літоўскім.

Кароль абяцаў адваяваць у маскоўцаў і вярнуць ВКЛ усе захопленыя гарады, мястэчкі і землі.

Ён абавязаўся паважаць усе правы і вольнасці літоўскай шляхты.

Уся сістэма кіравання і заканадаўства (Статут 1588), а таксама судовая сістэма ВКЛ захоўваліся без змен.

Насаджэнне лютэранства з боку шведаў выключалася.

Войска ВКЛ павінна было падпарадкоўвацца швецкаму каралю, разам з ім ваяваць супраць палякаў, маскоўцаў ды іншых ворагаў Швецыі.

Гэтай дамовай Януш Радзівіл звёў “на нішто” ўсе ваенныя поспехі маскоўцаў і казакоў на землях ВКЛ. Больш за тое, Кейданская ўнія фактычна стварыла канфлікт паміж Масковіяй і Швецыяй, войскі якой пачалі неадкладна займаць гарады і мястэчкі ў Літве. Вельмі хутка шведы падыйшлі да мяжы земляў, акупаваных маскоўцамі. Цар не рызыкнуў тады ваяваць са шведамі і загадаў ваяводам спыніць далейшы наступ.

Шведы везут пушку в Кейданы (худ. Юзеф Брандт)

Аднак амаль усе каталіцкія магнаты і шляхта ВКЛ убачылі ў гэтай уніі толькі здраду каралю Яну II Казіміру ды ўзвышэнне клана Радзівілаў, і нічога больш. Яны выступілі супраць.

Невядома, што было бы далей, але 31 снежня 1655 г. Януш Радзівіл памёр ад атруты у г. Тыкацін (непадалек ад Беластоку), які аблажыла войска Паўла Сапегі. Заставаўшыхся там 3 тысячы ваяроў у красавіку 1656 г. выбіў у Лівонію (Інфлянты) каронны гетман Вінцэнт Гансеўскі. А на Жамойці каталіцкая шляхта ў тым жа красавіку ўзняла антышвецкае паўстанне. У выніку гэтых падзей Кейданская ўнія страціла сваю сілу. Швецкая адміністрацыя і войска вярнуліся у Інфлянтыю

Сёння добра бачна, што шляхта памылілася, не падрымаўшы Радзівіла і гэту ўнію. Бо Кейданская унія па сваёй сутнасці была тое ж самае, што і Люблінская: “Дапамажыце нам, панове, выратывацца ад маскоўцаў! А мы за гэта прызнаем вашага Карла Х Густава нашым вялікім князям – замест Яна II Казіміра”.

Але нічога дзіўнага няма. Шляхта служыла не дзяржаве, а вялікаму князю і каралю (у той момант Яну II Казіміру), і да таго ж з большага была каталіцкага веравызнання, тады як шведы – лютэранскага. 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.9 (оценок:9)

Тэма 21. 

Януш Радзівіл (1612—1655) 

Род ліцвінскіх магнатаў Радзівілаў належыў да ліку сама багатых і ўплывовых з іх. У часы найвышэйшай магутнасці ва ўладанні Радзівілаў знаходзіліся больш за 20 замкаў, 426 гарадоў і мястэчак (!), каля 2 тысяч маёнткаў з 10 тысячамі вёсак. Радзівілы далі нашай дзяржаве шмат славутых палітыкаў, палкаводцаў, культурніцкі дзеячоў.

Найвышэйшы гетман і віленскі ваявода Януш Радзівіл (1612—1655) быў высокаадукаваны чалавек. Ён вучыўся ва ўніверсітэтах Нямеччыны, Нідэрландаў і Францыі. Меў надзвычайны вайсковы талент і быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Вялікага Княства. Яшчэ ў маладосці ў Вільні ў прысутнасці караля і вялікага князя Уладіслава IV кінуў проста ў вочы польскім сенатарам: «Прыйдзе час, – паны-палякі да дзвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем». Ужо ў 1649 г. ён пачаў шукаць кантакты са Швецыяй у мэтах умацавання пазіцый Вялікага Княства.

Стаўшы гетманам польным (палявым – з сучаснага пункту гледжання), князь Януш паспяхова правёў кампаніі супраць казацкіх аддзелаў, якіх засылаў на нашы землі Багдан Хмяльніцкі. У 1649 г. пад Лоевам разбіў казацкае злучэнне палкоўніка Крычэўскага, праз два гады ў тым самым месцы пабіў у шчэнт войска атамана Нябабы, а потым заняў Кіеў. Між тым запарожскія казакі былі тады магутнай вайсковай сілай. Нездарма ж яны шматкроць разбівалі польскія войскі.

З пачаткам маскоўскай агрэсіі ў 1654 г. на Янушу як найвышэйшым гетмане трымалася абарона ўсёй краіны. Маючы толькі 10 тысяч жаўнераў, ён мусіў стрымаць наступ ледзь не 100-тысячнай арміі Маскоўскай дзяржавы. Першую вялікую бітву з ворагам у жніўні пад Шкловам ён выйграў, страціўшы там толькі 700 чалавек, тым часам як маскоўцы амаль у пяць разоў больш.

Ды неўзабаве царскія ваяводы заціснулі ягонае войска паміж Цяцерынам і Шапялевічамі, і гетман мусіў прыняць новую бітву. Загінула пад тысячу ягоных жаўнераў. Гэта была першая параза ў жыцці Я. Радзівіла.

З канца верасня 1654 па травень 1655 гг. гетман ажыццявіў даволі ўдалы контранаступ супраць маскоўцаў.Аднак у яго было занадта малое войска ў параўнанні з маскоўцамі ды казакамі. Таму шанцаў астанавіць агрэсію ён не меў.

Страціўшы надзею абараніць дзяржаву, 17 жніўня 1655 г. ў Кейданах Януш Радзівіл падпісаў пагадненне аб уніі Вялікага Княства са Швецыяй, разлічваючы такім шляхам выратаваць Бацькаўшчыну ад маскоўскай агрэсіі.

Але супраць яго выступіла большасць магнатаў і каталіцкай шляхты.

Яны вінавацілі вялікага гетмана ў тым, што ён быццам прысвоіў сабе гроша, вылучаныя Соймам на ўтрыманне 15-тысячнага войска:

«Прадаў Магілёў, абрабаваў Вільню, добраахвотнымі ўцёкамі сваіх харугваў усю Літву аддаў у рукі маскоўцаў», у Вільні «абдзіраў жыхароў, нападаў на касцёлы, абабраў гарадскую казну, а пасля прыходу маскоўскага цара пайшоў у бок Кейдан ды Жамойці, абцяжараны скарбами Літвы». Усё гэта выдумкі дурных людзей, фанатычна адданых дурному і ў дадатак баязліваму каралю Яну II Казіміру.

У ролі ж галоўных абвінаваўцаў Януша Радзівіла выступала шляхта з паспалітага рушэння Віленскага і Троцкага ваяводстваў, што была на боку Гансеўскага. Шмат іх таварышоў загінулі ў горадзе, а Радзівіл сышоў са сваім войскам і панёс невялікія страты. Гэта выклікала у іх вяліку. нянавісць да гетмана, нягледзячы на тое, што гэта яны самі не пажадалі змагацца за Вільню разам з Радзівілам.

Пад канец лістапада 1655 г. вялікі гетман з рэштай адданых прыхільнікаў зачыніўся ў Тыкацінскім замку, дзе ў снежні памёр ад невядомай хваробы (ці быў атручаны).

Цела гетмана пасля смерці хавалі ад ворагаў: спачатку ў замку, потым у вёсцы Сялец на Берасцейшчыне. Толькі пасля заканчэння вайны Я. Радзівіла ўдалося па-людску пахаваць у кальвінскім зборы ў Кейданах.

Януш Радзівіл з булавой гетмана найвышэйшага

Замак у Тыкаціне – апошняе сховішча Януша Радзівіла

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.0 (оценок:7)

Тэма 22. 

Віленскаеперамір’е(кастрычнік 1656 г.)

 і Радноцкая дамова (снежань 1656 г.)

Калі ўлетку 1655 году Швецыя распачала інтэрвенцыю супраць Рэчы Паспалітай, склалася зусім новая для Масквы ваенна-палітычная сітуацыя.

У ліпені 1655 г. швецкі ганец, барон Густаў-Іяган Розенлінд прывёз цару ў Смаленск ліст ад караля Карла Х Густава*. У лісце кароль растлумачыў, што пачаць вайну супраць Рэчы Паспалітай яго вымусіў Ян II Казімір Ваза сваімі прэтэнзіямі на швецкі пасад (зразумела, што насамрэч спасылка на «прэтэнзіі» была толькі нагодай) і прапанаваў разам ваяваць супраць палякаў.

/* Карл X Густаў быў каранаваны ў канцы 1654 г. пасля адрачэння каралевы Крысціны. Што да “прэтэнзій”, то Ян Казімір патрабаваў вялікую грашовую кампенсацыю за афіцыйную адмову ад трона караля Швецыі. /

З пункту гледжання разумнага сэнсу ўступ Швецыі ў вайну было спрыяльна для Масквы. Хоць яна ўжо захапіла амаль усю Літву і вялікую частку Русі (Украіны), перамагчы Рэч Паспалітую не здолела. Але ў хаўрусе з каралём Карлам-Густавам, які зрабіў швецкае войска лепшым у Еўропе, можна было досыць хутка разграміць Рэспубліку абодвух шляхоцкіх народаў і падзяліць паміж сабой усе яе землі.

Калі б ды каб… Малады цар верыў у тое, што на яго боку сам Бог (!) Бо ён жа разграміў Літву, з якой Масква ваявала ўжо 300 гадоў. І цар ганарліва адказаў каралю-пратэстанту, што «сам Бог дал нам взять всю Белую Русь и многие воеводства, города и места с уездами Великого Княжества Литовского», што на Валыні і Подолии ён таксама заняў «многие воеводства, города и места», а таму паб’е «ляхаў» і без шведаў. Увогуле, адпрэчыў прапанову пра ваенны хаўрус. 

Але ў жніўні групоўка ліцвінскай шляхты на чале з Янушам Радзівілам падпісала ў Кейданах дамову аб ўніі са Швецыяй. Адразу пасля гэтага швецкія войскі ўвайшлі ў шэраг гарадоў і паветаў ВКЛ. Асаблівую незадаволенасць цара выклікаў занятак шведамі важнага ў стратэгічным стаўленні горада Друя на Заходняй Дзвіне. Усё ж ён загадаў сваім ваяводам спыніць далейшы наступ у паўночным кірунку і пазбягаць баявых сутыкненняў са швецкімі войскамі. 

А далей упарты дэспат, які верыў у тое, што ён сапраўды памазанік божы», стварыў новую дурасць. У канцы снежня ў Маскву прыехалі швецкія амбасадары, каб атрымаць ад цара пацверджанне Сталбоўскага міру 1617 году. Па пратаколе, кожны новы манарх і ў Швецыі, і ў Масковіі павінен быў пацвярджаць усе дамовы папярэдніх каралёў і цароў. Карл Густаў зрабіў гэта 20 (30) чэрвеня таго года. Але цар Аляксей адмовіўся! І праз паўгода, 17 траўня 1656 г., калі зямля на тэрыторыі Інфлянтаў высахла пасля вясновай паводкі, абвясціў вайну швецкаму каралю. Войскі Масквы адправіліся «воевать свеев», а патрыярх Нікан блаславіў іх ісці на Стакгольм і захапіць яго!

Усё ж у Маскве памяталі з мінулага, што ваяваць са шведамі нашмат цяжэй, чым з літвінамі і палякамі. Таму мела сэнс часова спыніць вайну супраць Рэчы Паспалітай, каб атрымаць магчымасць перакідваць войскі на новы фронт. 

Цар адправіў амбасадара да імператара Святой Рымскай імперыі Фердынанда III, каб той параіў каралю Яну Казіміру, які схаваўся ад шведаў у аўстрыйскай частцы Сілезіі, скласці перамір’е. (Расійскія аўтары сцвярджаюць, быццам бы мір прапанаваў Ян II Казімір, але гэта няпраўда).

Кароль Рэчы Паспалітай знаходзіўся ў бязвыхадным становішчы. І яму, і ўраду, і войску, і ўсёй краіне як паветра было трэба хоць нейкае палягчэнне! Не дзіўна, што ён адразу пагадзіўся і 31 ліпеня (11 жніўня) у Вільні пачаліся перамовы паміж яго прадстаўнікаміі (5 чалавек) і прадстаўнікамі цара (4 чалавека). Але, нягледзячы на крайнюю слабасць Рэчы Паспалітыя ў той момант, ні кароль, ні магнаты, ні шляхта не жадалі аддаваць цару Русь (Украіну). Таму перамовы цягнуліся тры месяца. Аднак баявыя дзеянні на тэрыторыі Літвы пасля захопу Вільні пайшлі на змяншэнне.

24 кастрычніка (3 лістапада) перамір’е было падпісана.

Па яго ўмовах, Масковія і Рэч Паспалітая абавязаліся сумесна ваяваць супраць Швецыі і Брандэнбурга (хаўрусніка шведаў) і не складаць з імі сепаратнай мірнай дамовы.

Каталіцкая шляхта на тэрыторыі ВКЛ, акупаванай маскоўцамі, захоўвала ўсе свае правы і вольнасці. У гэтым пытанні цару, які марыў пагалоўна выразаць усю каталіцкую шляхту, усіх ксяндзоў і манахаў, прыйшлося саступіць. 

Перамір'е прадугледжвала, што першы ж Вальны сойм разгледзіць пытанне пра абранне Аляксея Міхайлавіча каралём Рэчы Паспалітай на ўмовах асабістай уніі. Але каранавацца ён зможа толькі пасля смерці Яна II Казіміра. Цара гэта задавальняла, бо ён быў маладзейшы на 19 гадоў. Да таго ж Ян Казімір часта хварэў (ён памёр праз 6 гадоў і тры месяцы пасля падпісання перамір'я). 

На наступны дзень пасля падпісання перамір'я пачаліся перамовы па пытанні канчатковага міру і ўсталявання новых межаў.

Маскоўскія прадстаўнікі пасля кансультацый з царом па-ранейшаму патрабавалі, каб усходняя мяжа Кароны прайшла па рацэ Буг. Пры гэтым Валынь і Подолия сталі б часткай Гетманшчыны – аўтаномнай тэрыторыі ў складзе Маскоўскага царства. Але каралеўскія амбасадары катэгарычна адпрэчвалі гэту ідэю ажно да спынення перамоў і аднаўлення вайны ў 1658 г.

Гетман жа Багдан Хмяльніцкі разам з ўсёй старшынай Войска Запарожскага быў вельмі незадаволены тым, што дасланых ім у Вільню амбасадараў не дапусцілі да ўдзелу ў перамовах. Ён добра разумеў, што і цара, і караля інтарэсы казацтва не хвалююць. Таму пачаў сваю палітычную гульню.

Ягоныя прадстаўнікі 6 снежня 1656 г. падпісалі у трансільванскім горадзе Радноце дамову са Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй і лідарам пратэстантаў ВКЛ Багуславам Радзівілам*. Па гэтай дамове ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітай падлягала падзелу паміж новымі хаўруснікамі. Хмяльніцкі, у прыватнасці, патрабаваў каб ў склад Гетманшчыны ўвайшла ўся Правабярэжная Русь (Украіна).

/* З 1919 г. Трансільванія – частка Румыніі, а Раднот цяпер мае назву Ернут (Iernut). /

Увесну 1657 г. Хмяльніцкі паслаў на дапамогу шведам корпус на чале з палкоўнікам Антонам Жданавічам. А цару растлумачыў гэты «фінт» наступным чынам. Маўляў, польскі пасланец Станіслаў Бянеўскі прапанаваў яму перайсці на бок караля і сказаў, што ўмовы Віленскага перамір’я кароль выконваць не будзе. «Вось і пусцілі мы супраць ляхаў частку Войска Запарожскага». У чэрвені 1657 г. Хмяльніцкі растлумачыў амбасадару Масквы і мэту Радноцкай дамовы:

«…А что мы прибрали к себе в товарищество шведа и Рагоци /Ракоши/, не сославшись с великим государем, то это сделали мы из страха, потому что ляхи задают фантазии великие, под клятвою утверждают, что царское величество нас отдал им, да и для того, чтоб ляхи не соединились со шведом и Рагоци.

Думаем, что швед мирному договору будет рад, а если мириться не захочет, то в то время на шведского короля иной способ учиним; а теперь бы начатое дело с ляхами к концу привесть, чтоб всеми великими потугами с обеих сторон, и с царского величества, и со шведской, ляхов бить, до конца искоренить и с другими государствами соединиться не дать. А мы знаем наверное, что словом ляхи великого государя на корону избирали, а делом никак то не сталось».

Увогуле, хлусіў і выкручваўся як змяюка, як тое заўсёды робяць усе  сапраўдныя дыпламаты.

Шведы і казакі правялі паспяховую ваенную кампанію на тэрыторыі Кароны, яны захапілі Кракаў і Варшаву. Але ўлетку таго ж гады радавыя казакі адмовіліся ваяваць за межамі Рэчы Паспалітай, бо не жадалі, як яны самі казалі, «здабываць для трансільванскага князя Ракоцы польскую карону».

6 жніўня 1657 г. Хмяльніцкі памёр. Яму было толькі 62 гады. Але гетман піў гарэлку як ваду і знішчыў сваю печань. Яго змяніў Іван Выгоўскі. Цар прапанаваў новаму гетману даслаць сваіх амбасадараў у Вільню на перамовы пра межы, але той адмовіўся. У 1658 годзе Выгоўскі сам склаў з Рэччу Паспалітай дамову ў Гадячы, па якой Гетманшчына вярталася ў склад Рэчы Паспалітыя ў выглядзе аўтаноміі, а Рэч Паспалітая пераўтваралася ў Рэспубліку трох шляхоцкіх народаў.

Гэта дамова раскалола казацтва на дзве партыі – «польскую» і «маскоўскую». У рэшце рэшт справа скончылася тым, што Правабярэжная Украіна стала часткай Польшчы, а левабярэжная – часткай Масковіі. Без усякіх аўтаномій!

А пакуль ізноў пачалася вайна, і зараз у Масквы былі ўжо тры супернікі: Рэч Паспалітая, Швецыя і казакі Выгоўскага. 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:9)

Тэма 23.

Маскоўска-швецкая вайна(1656—1658)

Швецыя па меры свайго ўзмацнення, распачатага падчас 30-гадовай вайны, імкнулася ператварыць Балтыйскае мора ў сваё «ўнутранае возера». Не дзіўна, што ваяўнічы швецкі кароль Карл X Густаў і яго ўрад вырашылі скарыстацца вайной Масковіі супраць Рэчы Паспалітай і захапіць частку яе земляў.

Улетку 1655 году шведы пачалі ўварванне па двух кірунках: у Прыбалтыцы і ў Памор'і. Ім актыўна дапамагалі войскі курфюрста Брандэнбургскага, які жадаў скончыць з васальнай залежнасцю ад Польшчы. І там, і там шведам спадарожнічаў поспех. Палякі трывалі паразы або здаваліся без бою. А групоўка ліцвінскай шляхты і духавенства на чале з братамі Радзівіламі ўбачыла ва ўмяшанні шведаў магчымасць для выратавання Вялікага Княства (на чале з сабой) у пераходзе пад швецкі пратэктарат.

Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч цалкам мог дамовіцца са шведамі пра падзел тэрыторыі ВКЛ, разам з імі разграміць Польскае каралеўства, пасля чаго падзяліць і яго землі. Але ён думаў, што здолее перамагчы палякаў і без шведаў. Больш за тое, натхнёны небывалымі поспехамі сваіх войскаў, цар вырашыў адваяваць у Швецыі землі Лівоніі, калісьці захопленыя Іванам IV, а ў Смутны час заваяваныя Швецыяй, і заадно атрымаць порты на Балтыцкім моры – Рэвель, Рыгу, Лібаву.

Таму ён склаў перамір’е з Рэччу Паспалітай і 17 траўня 1656 г. абвясціў вайну Швецыі. Гэты дурны план самаўпэўненага 27-гадовага дэспата актыўна падтрымала групоўка баяраў на чале з Апанасам Ардзін-Нашчокіным.

Што ж, шведы пабілі маскоўскія войскі пад Рыгай (у кастрычніку 1656), пад Валкам, Нарвай, Ямбургам і Ніеншанцам (у 1657). Толькі пад Рыгай маскоўцы страцілі 8 тысяч чалавек забітымі і 6 тысяч палоннымі, усю аблогавую і палявую артылерыю, а таксама ўвесь свой флот на Заходняй Дзвіне – каля 800 рачных караблёў!

А ў 1658 годзе з-за аднаўлення вайны з Рэччу Паспалітай і ўзброенага канфлікту з новым гетманам Войска Запарожскага Іванам Выгоўскім, Масква апынулася ў пастцы. Прыйшлося 21 ліпеня падпісаць перамір’е са шведамі. А праз 3 месяца гэта перамір'е абодва бакі падоўжылі на 3 гады, з утрыманнем за сабой занятых імі тэрыторый. Для маскоўцаў гэта былі гарады Дзерпт (Тарту), Кокенгузен (Кокнесе), Нойгаузен (Вастселіна), Марыенбург (Алуксне) і Дзінабург (Даўгаўпілс) з прылеглымі землямі.

Але ў траўні 1660 г. шведы падпісалі ў Алівах мір з Рэччу Паспалітай, войскі якой неадкладна разгарнулі наступ на землях ВКЛ. Прыйшлося Маскве ў чэрвені 1661 г. падпісаць Кардыскі мір, які аднавіў межы са Швецыяй, вызначаныя ў 1617 г. Сталбоўскай дамовай. Інакш кажучы, Масква зноў страціла ўсе свае заваёвы ў Эстляндыі і Лівоніі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.5 (оценок:10)

Тэма 24. 

Не «казакі беларускія», а здраднікі 

Слова «казак» («qazaq») цюрцкага паходжання. Ягоны сэнс у славянскіх мовах вызначаюць некалькі слоў, блізкіх адзін аднаму: «вольны чалавек», «шукальник прыгод», «зух», «ваяр-бабыль» і гэтак далей.

Славянскае казацтва з’явілася ў ХIV стагоддзі ў на нічыйнай зямлі – гэтак званым «Дзікім полі» – паміж нізавінамі Дона і Дняпра (адсюль «нізавое казацтва»). Сюды з розных бакоў, галоўным чынам з суседніх краін, беглі моцныя мужчыны, якія прагнулі вольнага жыцця без усякай улады над сабою. Сярод іх былі авантурнікі і злачынцы, былыя мяшчаны і баяры, купцы і сяляны рознага этнічнага паходжання. Але ўсе яны зусім не жадалі працаваць ці гандляваць, імкнуліся жыць з палявання, рыбалоўства і …рабаўніцітва. А дзеля ўласнай бяспекі аб’ядноўваліся ў курэні (або ватагі) – адзелы вайсковага тыпу, якімі кіравалі атаманы, абраныя на ўсеагульных сходах.

З XV ст. казакоў пачалі наймаць на службу князі і магнаты, каб яны баранілі іх замкі і мястэчкі на ўскраінах Вялікага Княства ад нападаў крымскіх татараў і маскоўскіх драпежнікаў. У час цяжкай вайны з Маскоўскім царствам за Інфлянты (3 чэрвеня 1572 г.) Жыгімонт II Аўгуст упершыню прыняў 300 запарожскіх казакоў на службу Кароне Польскай. Так быў пакладзены пачатак рэестравым казакам, якіх у дакументах называлі Войскам Запарожскім. Усіх астатніх казакоў пачалі зваць нізавымі, або чаркасамі (ад назвы горада Чаркасы, дзе спачатку жыў іх гетман)*. 

/* Горад Чаркасы знаходзіцца на 150 – 160 км ніжэй Кіева па цячэнні Дняпра./

У Масковіі казацтва вядома з ХVІ стагоддзя. Яно арганізавалася паводле ўзору запарожцаў (чаркасаў). Першым з’явілася Данское казацкае войска, потым Яіцкае (Уральскае), Церскае, Сібірскае ды іншыя – ўсе на памежжах з суседнімі краінамі.

Казак на кані (XVII ст.)

Рээстравы казак XVII – XVIII стст.

Гэтакім чынам, казацкія вайсковыя арганізацыі з’яўвіліся ў вельмі спецыфічных умовах: у вольных бязлюдных стэпах, дзе праз увесь год ў паветры вітала небяспека. А Вялікае Княства здаўна мела сталае насельніцтва, шмат гарадоў, мястэчкаў і вёсак. Умоў для з’яўлення казацтва як грамадскага стану тут не было.

У Вялікім княстве існавалі толькі вайсковыя фармаванні казацкага тыпу, якія ўзніклі ў ХVІ стагоддзі. Спачатку гэта былі аддзелы конніцы, якія Стэфан Баторый сфармаваў з так званых пяцігорцаў – выхадцаў з Паўночнага Каўказа (Беш Тау – пяць гор), узброеных «па-казацку». Звычайна яны мелі рагаціну, шаблю і сагайдак (лук з калчанам і стрэламі). З даспехаў – панцыр і прылбіцу. З ХVІІ стагоддзя іх ужо называлі “панцырнымі” – каб не блытаць з вольнымі запарожскімі казакамі (“чаркасамі”).

Ад тых чаркасаў нашыя продкі шмат нацярпеліся. У 1595 г. – ад Налівайкі, чыі бандыты палілі Магілеў і без літасці рэзалі яго жыхароў, у 1602—03 гг. ад Дубіны, загон якога, вяртаючыся на Украіну, шкоду чыніў «горш за ліхіх непрыяцеляў або злых татараў». І ад шмат якіх іншых атаманаў, якія ўсе без выключэння былі забойцы і рабаўнікі. Таму жыхары нашых гарадоў ды мястэчак трымалі зброю напагатове. Напрыклад, як толькі магілеўцы ў 1618 г. пачулі, што на Падняпроўе прыйшлі казакі атамана Сумы, яны адразу выставілі гарматы на гарадскія валы і ўзялі пад ахову ўсе брамы.

У 1648—49 гг. сярод старшыны Запарожскага войска на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім паўстала ідэя захопу ўсходняй часткі ВКЛ з мэтай далучэння яе да казацкай дзяржавы – Гетманшчыны. Таму Хмяльніцкі пачаў засылаць сюды казацкія загоны, каб яны рабавалі гарады і мястэчкі, знішчалі шляхецкія маёнткі разам з жыхарамі, палілі каталіцкія касцелы і кляштары, уніяцкія цэрквы і манастыры, падбухторвалі сялян далучацца да казакоў. І гэтак паступова захапляць павет за паветам. З 1654 г., калі на Пераяслаўскай радзе ўсё Войска Запарожскае прызнала сваім вярхоўным гаспадаром маскоўскага цара замест караля польскага, гэтая палітыка стала па сутнасці прамаскоўскай.

Такім чынам, казацтва – чужая і варожая з’ява як для ВКЛ, гэтак і для сучасных беларусаў.

Асобны выпадак – «беларускі» полк «казакоў» Канстанціна Паклонскага, бо ён з’явіўся ў 1654 г. выключна з прычыны маскоўскай акупацыі. Да таго ж, ён існаваў нядоўга, крыху больш за адзін год. 

Канстанцін Вацлаў Паклонскі быў сынам Юрыя Паклонскага з роду праваслаўнай, але паланізаванай шляхты Пінскага павета. Праз шлюб родзічаў К. Паклонскі меў сваяцтва з Іванам Выгоўскім, генеральным пісарам Войска Запарожскага (а ў 1657—59 гг. – гетманам). Акрамя таго, Паклонскі вядомы як адзін з кіраўнікоў Магілёўскага праваслаўнага брацтва. Напрыклад, ён адыграў значную ролю ў вяртанні праваслаўным ад уніятаў магілёўскага Спаскага сабора разам з манастыром у 1649—50 гг.  

У 1653 г. Паклонскі ўзначальваў чальцоў брацтва ў канфлікце з-за «перавозу» цераз Дняпро. Тады на Дняпры у Магілёве стварылі яшчэ адзін «перавоз», канкурэнтны перавозу пад Спаскім саборам, які належаў праваслаўнаму брацтву і даваў яму прыбытак. І вось 11 (21) ліпеня 1653 г. некалькі соцень ўзброеных братчыкаў і мяшчанаў на чале з Паклонскім і дыяканам Ласіцкім напалі на новы «перавоз». Перавознікаў-канкурэнтаў збілі ледзь не да смерці, а паром пасеклі на кавалкі.

Паклонскі ўдзельнічаў і ў канфлікце падданых Магілёўскай каралеўскай эканоміі з яе кіраўніком Станіславам Янам Зжадзінскім, якога яны абвінавачвалі ў пазазаконных паборах. Кароль Ян Казімір быў вымушаны замест Зжадзінскага прызначыць новага кіраўніка эканоміі. Але канфлікт працягнуўся і з новым кіраўніком Пятроўскім.

Ва ўмовах канфрантацыі з уладай Паклонскі пачаў шукаць падтрымкі ў запарожскіх казакаў і звярнуўся да Выгоўскага. Ужо на пачатку студзеня 1654 г., падчас перамоў пра пераход Войска Запарожскага пад царскую пратэкцыю, Выгоўскі паведаміў маскоўскаму баярыну Бутурліну пра Паклонскага. Маўляў, «ён жадае быць пад высокай рукой вялікага гасудара». Бутурлін параіў Выгоўскаму напісаць Паклонскаму, што цар гатовы ўзяць яго пад сваю ўладу.

Атрымаўшы абяцанне падтрымкі, Паклонскі перайшоў да актыўных дзеянняў, тым больш што ў першыя дні чэрвеня 1654 г. пачалася агрэсія Масквы супраць ВКЛ. Паклонскі падняў мяцеж у Магілёве, але магілёўцы яго не падтрымалі і ён са сваімі прыхільнікміі з праваслаўнага брацтва ўцёк на Папову гару і там пачаў збіраць уласны адзел. А Папова Гора лічылася тэрыторыяй Старадубскага казацкага палка, то бок войска Хмяльніцкага.

У ліпені таго ж году Паклонскі атрымаў пад Смаленскам аўдыенцыю цара Аляксея Міхайлавіча разам з групай магілёўскай праваслаўнай шляхты і мяшчан. Цар падараваў яму 100 рублёў срэбрам і паведаміў, што бярэ на службу з чынам «палкоўніка беларускага». І адразу даў задачу: ісці пад Магілёў з войскам вяводы Ваейкава каб схіліць мяшчан да здачы.

Падчас магілёўскага паходу Паклонскі заняў Чавусы, дзе стварыў моцны ўласны адзел (полк). Ягоная агітацыя сярод магілёўцаў гэтым разам мела даволі хуткі вынік, горад сапраўды здаўся на пачатку верасня. Засеўшы ў Магілёве, Паклонскі энергічна вербаваў людзей, а таксама спрабаваў схіліць да здачы іншыя гарады Падняпроўя.

Але ў сваёй дзейнасці ён прыйшоў да вострага канфлікту з Васілём Залатарэнкам, камандзірам казакоў, які імкнуўся усталяваць уладу Гетманшчыны на захопленых землях ВКЛ. Паклонскі адбіраў у казакаў занятыя імі мястэчкі ды вёскі, перашкаджаў іхнай вярбоўцы сялян у казакі. Цар высока ацаніў тыя дзеянні Паклонскага і ў верасні 1654 г. даў яму двор у Магілёве, горад Чавусы і 4 сяла.

У канцы верасня 1654 г. Паклонскі са сваім палком хадзіў пад Крычаў, а пасля захопу горада ў лістападзе вярнуўся ў Магілёў. У снежні 1654 г. ён атрымаў ва ўзнагароду ад цара яшчэ тры вёскі. Трэба адзначыць, што Паклонскі імкнуўся самастойна кіраваць захопленымі ўсходнімі паветамі ВКЛ, а не праз маскоўскіх ваявод і тым больш не праз казацкую адміністрацыю.

У студзені 1655 г., пасля некалькіх сутычак з войскам Радзівіла, Паклонскі са сваім палком прыйшоў у Магілёў. Ён пераканаў гараджан абараняцца супраць наступаючых на горад войскаў Я. Радзівіла, а таксама выгнаць з Магілёва габрэяў, якіх абвінаваціў у здрадзе і супрацоўніцтве з праціўнікам. Большую частку габрэяў абрабавалі і забілі, хтосьці здолеў уцячы з горада, астатнія вымушаны былі прыняць хрост у праваслаўе. 

Але гетману Радзівілу ўдалося завязаць кантакт з Паклонскім і вясною 1655 г. ён перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. Праз гэта войску Радзівіла ўдалося заняць задняпроўскую частку Магілёва, але маскоўскі гарнізон і мяшчаны ўпарта абаранялі галоўную частку горада. Паклонскі дарэмна спрабаваў прымусіць іх да здачы.

На сейме Рэчы Паспалітай Паклонскаму, разам са «шляхтай, якая з ім назад вярнулася», былі вернутыя грамадзянскія правы. Але пасля зняцця аблогі з Магілёва, Паклонскага з ягоным адзелам у чэрвені 1655 г. пабіў пад Барысавым князь Баратынскі, у ліпені маскоўцы разбілі яго пад Койданавым, урэшце, адззел казакаў Залатарэнкі ў шчэнт разбіў пад Ашмянамі.

Пасля страты Вільні ў жніўні 1655 г. Паклонскі разам з гетманам Я. Радзівілам пайшоў у Кейданы. Аднак на пачатку снежня ён, як і значная частка войска ВКЛ, пакінуў Я. Радзівіла і пайшоў у Прусію, дзе наняўся ў войска брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха-Вільгельма.

Пасля таго, як курфюрст перайшоў на бок швецкага караля, Паклонскі кінуў службу ў яго і ў 1656 г. зноў быў у войску ВКЛ. Восенню 1656 г. ён ўдзельнічаў у выправе гетмана польнага Вінцента Гансеўскага супраць брандэнбуржцаў і шведаў у Прусію. Але ў няўдалай для літоўскага войска бітве пад Філіпавым (22 кастрычніка) трапіў у шведскі палон і быў зняволены у Мальборкскім замку.

Лёс Паклонскага пасля вызвалення з палону (ў 1660 г.) невядомы.  

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.4 (оценок:12)

Тэма 17.

Кампанія 1654 году: Мора пажараў, рэкі крыві

«Унии не быть,

латинству не быть,

жидам не быть»!

(Царь Московский

Алексей Михайлович, май 1654 г.)

 

Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў.

 

Цэнтральны напрамак

12 ліпеня. Захоп Мсціслава

8 (18) ліпеня маскоўскае войска (больш за 15 тысяч чалавек) з гарматамі падступіла да Мсціслава. Кашталян тутэйшага замка Ян Станкевіч разлічваў на хуткую дапамогу войска ВКЛ, якая ў той момант знаходзілася пад Оршай і катэгарычна адмовіўся адкрываць вароты.

Тады Трубяцкі, абклаўшы горад шчыльным колам, прыступіў да аблогі. Яго войскі даволі хутка выбілі абложаных з гарадскіх умацаванняў, аднак узяць замак с ходу не здолелі. Чатыры дня яны абстрэльвалі замак з гармат, руйнуючы яго ўмацаванні і наносячы вялікія страты абаронцам. Таксама маскоўцы некалькі разоў спрабавалі ўзяць замак прыступам. Абложаныя, у сваю чаргу, рабілі адчайныя вылазкі супраць непрыяцеля.

На дапамогу абложаным ішло трохтысячнае павятовае апалчэнне на чале з ураднікам Мікалаем Пасахоўскім, але на подступах да Мсціслава маскоўцы яго пабілі і прыблізна 500 чалавек захапілі ў палон.

Досвіткам 12 (22) ліпеня пасля моцнага абстрэлу з гармат маскоўцы пайшлі на рашучы штурм і авалодалі замкам. Падчас штурму шмат абаронцаў былі забіты. У палон трапілі Ян Станкевіч і частка шляхцічаў. З іх адну частку (большую)адвезлі ў Масковію, а тых, хто прысягнуў цару (некалькі дзясяткаў), адпусцілі на волю. Яны атрымалі мянушку недасекі”.

Падчас аблогі і штурмаў драўляны замак згарэў. Астрог і горад маскоўцы спалілі. Яны таксама разрабавалі ўсю маёмасць і шляхты, і мяшчан.  

У фамільных паперах князя Фёдара Валконскага гаворыцца, што князь Аляксей Трубяцкі «…город Мстиславль взял и высек и выжег, а побил в нём больше пятнадцати тысяч [человек]».

Масавае забойства жыхароў Мсціслава войскам Трубяцкога таксама адзначана ў маскоўскіх кнігах “Палацавых разрадаў" (Дворцовых разрядов).

Ацалелы пасля пагрому ў Мсціславе ваяр мсціслаўскага гарнізона Кацёл рапартаваў пра тое, што войскі Трубяцкога ў Мсціславе забівалі шляхцічаў, мяшчан, габрэяў, а затым шукалі сярод трупаў тых, хто ацалеў, і забіралі іх ў палон. Беларускі гісторык Міхаіл Без-Карніловіч (1796—1862) пісаў у 1855 годзе, што памяць пра “разню Трубяцкога” ў Мсціслаўскім павеце захоўвалася ў народных падданнях яшчэ і ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Па меркаванні гісторыка Андрэя Мяцельскага, вялікая колькасць загінуўшых у Мсціславе сведчыць пра тое, што там хавалася шмат насельніцтва з усяго Мсціслаўскага ваяводства. У беларускай гістарыяграфіі ўзяцце Мсціслава завуць "трубяцкой разнёй", бо тады загінула амаль усё насельніцтва горада.

Дый і сам цар Аляксей пісаў у сваёй грамаце Багдану Хмяльніцкаму:

“…горад Мсціслаў (…) узяты ўзяццем і шляхты, палякаў і літвы і іншых служылых людзей і ксензов і езвуитов і іншага іх чыну пабіта больши дзесяці тысяч чалавек”.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны на сценах касцёла ў Мсціславе быў намаляваны штурм замка маскоўскім войскам, а таксама забойства каталіцкіх святароў.

Праз захоп Мсціслава напачатку вайны москоўцы здолелі выйсці на Днепр у раёне паміж Магілёвам і Оршай, што паставіла пад пагрозу шматлікія мястэчкі на левым баку Дняпра. Фарсіраванне Дняпра адкрывала магчымасць выйсці на Бярэзіну ў раён Барысава і адтуль на Менск.

 

12 жніўня. Бітва пад Шкловам  

Толькі 18 чэрвеня Януш Радзівіл атрымаў ад караля і вялікага князя Яна II Казіміра на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана. Проста з сойму ён рушыў на радзіму і пачаў збіраць пад Оршай войска. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11260 чалавека. Але сярод х было нямала хворых і нават параненых. 

У жніўні войска Радзівіла адышло ад Оршы на поўдзень да Барані, адтуль да Копысі і далей – да Шклова. Пад Шкловам у яго было толькі 7 тысяч чалавек.

12 жніўня да Шклова падышоў авангард войска маскоўскага ваяводы Якава Чаркаскага (агулам не менш за 20 тысяч чалавек) і напаў на вайсковую варту Радзівіла, якая бараніла горад.

Каб не дапусціць злучэння войск Чаркаскага і Аляксея Трубяцкога (15 тысяч чалаве) які ішоў ад Мсціслава, Радзівіл вырашыў даць бой.

Для бітвы ён абраў удалае месца — адзіную дарогу на Шклоў за некалькі кіламетраў ад горада, дзе два равы засланялі крылы войска ВКЛ. Гэта не дазволіла б маскоўцам выкарыстаць сваю колькасную перавагу. Да таго ж перад сабою ліцвіны мелі рэчку Шклоўку, і маглі біцца з тымі аддзеламі маскоўцаў, якія пераправіліся праз брод. Чаркаскі таксама не збіраўся атакаваць Радзівіла ў той дзень, бо частка яго аддзелаў была расцягнутая па дарозе і мусіла прыбыць толькі праз некалькі гадзін.

Радзівіл вырашыў уцягнуць авангард маскоўцаў у бойку і потым разбіваць іх малымі групоўкамі. Некалькі раз’ездаў ліцвінаў зацягнулі частку маскоўскіх палкоў на абранае поле. Распачаўся бой, які цягнуўся больш за 5 гадзін. Войска Вялікае Княства не магло ўзяць верх, бо да маскоўцаў увесь час далучаліся новыя сілы, што рухаліся з-пад Копыся.

Кожнай літоўскай харугве давялося 5—6 разоў атакоўваць маскоўцаў, а пасля пад націскам адыходзіць да схаваных у засадах у равах драгунскіх палкоў Радзівіла. Бітва цягнулася да дзявятай гадзіны вечара. Радзівіл асабіста ўдзельнічаў у бітве, што дадавала імпэту яго войску. Апошняя атака ўсёй літоўскай конніцы здолела зламаць шэрагі маскоўцаў і амаль мілю гнаць іх. Да таго ж маскоўскі рэйтарскі полк у цемры абстраляў сваіх.

У выніку шматгадзіннага бою маскоўская конніца адступіла да абозу і пяхоты, пакінуўшы поле за войскам ВКЛ. У тыя часы гэта лічылася перамогай.

Аднак перамога дасталася войску ВКЛ дарагім коштам — аддзелы Вялікага Княства страцілі вопытных жаўнераў. Загінуў пад Шкловам вайсковы суддзя Марцін Ян Чудоўскі, адзіны сын літоўскага стражніка Рыгора МірскагаГеранім Мірскі. Шмат параненых памерлі, не атрымаўшы медыцынскай дапамогі. Пазней згадвалася, што загінулі двое паручнікаў і больш за 50 коннікаў. Агульныя страты былі каля 700 чалавек.

Па ўспамінах літоўскіх жаўнераў, яны налічылі забітых каля 3000 маскоўцаў і захапілі 610 палонных. 

Страты, стомленасць і нешматлікасць войска Вялікага Княства не дазволіла скарыстацца перамогай. У ноч на 13 жніўня Радзівіл загадаў адыходзіць на захад – да Галоўчына. Таму расейскія гісторыкі сцвярджаюць пра перамогу Масквы.

Але ж і пабітыя аддзелы Чаркаскага адышлі да Оршы.  

Авангард Трубяцкога спазніўся толькі на гадзіну да заканчэння бітвы. Але новыя маскоўскія сілы цалкам з'явіліся пад Шкловам толькі 30 жніўня.

 

24 жніўня. Параза Радзівіла пад Шапялевічамі 

Пасля перамогі пад Шкловам 12 жніўня гетман вымушаны быў адысці, бо на дапамогу разбітым аддзелам Чаркаскага спяшаўся князь Трубяцкі. 13 жніўня да Януша Радзівіла прыйшла дапамога ад сваяка, князя Багуслава Радзівіла, і ад Юрыя Нямірыча, разам— 2500 жаўнераў. Але гэтага было замала.

14—22 жніўня літоўскае войска адпачывала пад Галоўчынам. Адсюль Радзівіл двойчы выпраўляў у выведку раз’езд на чале з падстоліям літоўскім Аляксандрам Гіляр’ем Палубінскім. 20 жнўня Палубінскі даклаў, што войска Трубяцкога рухаецца на захад. 21 жніўня яно падышло да Галоўчына.

Літоўскае войска адыйшло да Бялыніч і стала лагерам на левым беразе ракі Друць. Тут ваяры пачалі будаваць палявыя фартэцыі. Радзівіл збіраўся даць абарончую бітву, але некалькі дзён было згублена, бо гетман хварэў.

Трубяцкой у гэты час абышоў ліцвінаў з поўначы і пераправіўся праз Друць каля Цяцэрына, адрэзаўшы шляхі адыходу. На світанку 24 жніўня ліцвіны рушылі на Шапалявічы, дзе ўжо заселі маскоўцы.

Радзівілу давялося распачаць бойку ў нязручных умовах. Спачатку некалькі літоўскіх харугваў, разбіўшы маскоўскіх разезд, ускочылі ў Шапялевічы, але трапілі там пад моцны агонь маскоўскай пяхоты і драгуноў. Войска ВКЛ адышло ад мястэчка і прыняла бой у полі. Трубяцкому заставалася скарыстацца колькаснаю перавагаю.

Ліцвіны не маглі стрымаць вялкае коннае войска супраціўніка. Маскоўцы абышлі правае крыло Радзівіла і прымусілі яго адступаць. Цэнтр, якім камандвалі Герман Ганцкопф, Эбергард Путкамер і Эрнэст Ян Корф, трымаўся даўжэй, але таксама змушаны быў адысці.

Полк Палубінскага спрабаваў прыкрыць адыход войска ВКЛ і двойчы хадзіў у атаку, але гэта мала дапамагло. Адыход ператварыўся ва ўцёкі. Маскоўцы больш за мілю гналі ліцвінаў. Пры пераправе праз Друць пад Чэрцамі ў рукі маскоўцаў ледзь не трапіў сам гетман Радзівіл. Ён быў паранены ў правую нагу, яго конь забіты. Жыццё гетману ўратаваў харужы Грэфэнбэрг, які прыняў на сябе кулі й удары рагаціны. Адыход выратавала рота вугорскай пяхоты Самуэля Яна Юшкевіча, якая сваімі трапнымі стрэламі выбіла з другога берага маскоўцаў.

Ліцвіны згубілі каля 1000 чалавек, у гэтым ліку тых, хто не загінуў, але быў расцярушаны па навакольных лясах і балотах і доўгі час дабіраліся да сваіх аддзелаў.Сама бойка была з малымі стратамі, большасць жаўнераў загінула пад час адыходу і пераправы праз Друць і Бярэзіну. Маскоўцы захапілі ўсю літоўскую артылерыю.

У наступныя дні маскоўцы працягвалі пагоню і знішчэнне асобных атрадаў. 25 жніўня яны знішчылі полк нямецкай пяхоты з войска гетмана — маскоўцы заспелі яго за пераправаю праз раку. Каля Чэрцаў была амаль што цалкам знішчана казацкая харугва асабістай аховы Радзівіла — са 150 чалавек засталіся 30.

Гэта была больш маральная перамога. Маскоўскія жаўнеры зразумелі, што могуць перамагаць ліцвінаў, палякаў, немцаў і вугорцаў, ад якіх апошнія 30 гадоў мелі толькі паразы.

А сам гетман з рэшткамі свайго войска рушыў на Барысаў.

 

24 жніўня. Захоп Магілёва 

Канстанцін Паклонскі паходзіў з праваслаўнай шляхты Пінскага павета. А праз шлюб родзічаў быў у сваяцтве з казацкім старшыней Іванам Выгоўскім. У 1640-я гады ён з’яўляўся адным з лідэраў Магілёўскага праваслаўнага брацтва, адзначыўся падчас вяртання ў траўні 1650 г. праваслаўным царквы святога Спаса і манастыра з прыходамі ў Магілёве згодна з універсалам караля Яна Казіміра ад 3/13 студзеня 1650 г. 

У 1653 г. Паклонскі ўзначальваў братчыкаў у канфлікце з-за «перавозу» цераз Дняпро. У той час у Магілёве быў пабудаваны яшчэ адзін «перавоз», канкурэнтны перавозу пад Спаскім саборам, які належаў праваслаўным і даваў ім прыбыткі. Урэшце, 11 (21) ліпеня 1653 г. некалькі соцень ўзброеных братчыкаў і мяшчанаў на чале з Паклонскім і дыяканам Ласіцкім напалі на «перавоз», перавознікаў моцна збілі, а паром пасеклі на кавалкі.

Паклонскі ўдзельнічаў і ў канфлікце каралеўскіх падданых Магілёўскай эканоміі з яе кіраўніком Станіславам Янам Зжадзінскім. Урэшце, кароль Ян Казімір замест Зжадзінскага прызначыў новага кіраўніка эканоміі — літоўскага кухмістра Мікалая Пятроўскага. Але каралю данеслі, што падданыя скардзяцца не столькі з-за праблем, колькі навучаныя Паклонскім.

Ва ўмовах канфрантацыі з уладай Паклонскі пачаў шукаць падтрымкі ад маскоўскага цара праз Выгоўскага і баярына Бутурліна. Пасля Переяслаўскай рады Выгоўскі напісаў Паклонскаму, што цар гатовы ўзяць яго “пад сваю руку”. Атрымаўшы абяцанне падтрымкі, Паклонскі перайшоў да актыўных дзеянняў, тым больш, што пачалася вайна.

У чэрвені 1654 г. ён падняў мяцеж у Магілёве, але неўзабаве ўцёк на Папову Гару і там збіраў людзей. Папова Гора была тэрыторыяй Старадубскага казацкага палка, пад уладай гетмана Хмяльніцкага.

У ліпені Паклонскі атрымаў аўдыенцыю цара Аляксея Міхайлавіча пад Смаленскам. Ён прыйшоў туды з рэкамендацыйным лістом ад Багдана Хмяльніцкага, на чале групы шляхты і мяшчан. Цар узяў яго на службу як «палкоўніка беларускага» і даў яму падарунка – 100 рублёў.

Цар паслаў Паклонскага разам з войскам Ваейкава пад Магілёў, каб ён схіліў мяшчан да здачы і вербаваў мясцовых людзей на маскоўскую службу. Падчас магілёўскага паходу Паклонскі заняў Чавусы і стварыў там уласны моцны адзел. Пачатая агітацыя сярод жыхароў Магілёва, пасля пачатковых няўдач, мела вынік: горад здаўся на пачатку верасня. Будучы ў Магілёве, Паклонскі энергічна вербаваў людзей, а таксама спрабаваў схіліць да здачы іншыя гарады.

Аднак у гэтай дзейнасці ён прыйшоў да вострага канфлікту з камандзірам украінскіх казакоў Васілём Залатарэнкам (малодшым братам Івана), які намагаўся каб занятымі ўсходнімі землямі Вялікага Княства кіравалі казакі. Паклонскі стаяў за цара, таму адбіраў у казакаў занятыя імі сёлы і вёскі і перашкаджаў іхняй вярбоўцы людзей.

Цар высока ацаніў службу Паклонскага, у верасні 1654 г. ва ўзнагароду ён атрымаў двор у Магілёве, горад Чавусы і чатыры сяла. У канцы верасня 1654 г. Паклонскі хадзіў пад Крычаў, пасля заняцца горада ў лістападзе вярнуўся ў Магілёў. Аднак і ён вёў уласную гульню: імкнуўся каб захопленымі ўсходнімі абшарамі ВКЛ кіраваў менавіта ён, а не маскоўскія ваяводы і тым больш не казацкія атаманы-палкоўннікі.

 

25 чэрвеня – 29 верасня. Аблога і захоп Смаленска

Крэпасць Белая здалася войску ваяводы Цёмкіна-Растоўскага 1 чэрвеня. 3 чэрвеня здаўся Дарагабуж з

 .