Тэма №1.

 Што такое Рэч Паспалітая

Найменне «Рэч Паспалітая» – літаральны пераклад лацінскага cловазлучэння «res publica serenissima» («агульная безмяцежная справа»), якое пазначае ўсялякую добраахвотную агульную справу. 

У гісторыю пад гэтай назвай увайшла канфедэрацыя Каралеўства Польскага (Кароны) і Вялікага Княства Літоўскага (Княства), якая ўзнікла ў  1569 г. у выніку падпісання Люблінскай ўніі.   

Тут трэба патлумачыць адрозненні паміж федэрацыяй і канфедэрацяй. Федэрацыя – такая форма арганізацыі агульнай дзяржавы, калі яна ствараецца ў выніку звяза адносна самастойных аб’ектаў (краёў, земляў, княстваў, каралеўств, рэспублік). У федэрацыі існуюць адзіныя органы ўлады, узброеныя сілы,  законы, грашовыя адзінкі і бюджэт, шмат чаго іншага. Суб’екты федэрацыі карыстаюцца вызначанай аўтаноміяй выключна ў вырашэнні пытанняў свайго ўнутранага жыцця.

А канфедэрацыя – арганізацыя, пры якой ствараючыя яе дзяржавы захоўваюць свой суверэнітэт, уласныя органы ўлады, узброеныя сілы, фінансавыя сістэмы, заканадаўства і іншае. Абяднаныя органы ствараюцца толькі для каардынацыі дзеянняў у сферах вонкавай палітыкі і абароны. Рэч Паспалітая была менавіта канфедэрацыяй.

***

Нашы продкі карысталіся тэрмінам «рэч паспалітая» ад ХІV да канца ХVІІІ стагоддзяў у дакументах на старабеларускай мове і тэрмінам «res publica» ў дакументах на лаціне, ужываючы яго як сінонім сваёй дзяржавы. Напрыклад, у Статуту ВКЛ 1529 г. словазлучэнне «рэч паспалітая» ўжываецца менавіта ў значэнні «дзяржава», «краіна» (артыкул 10 раздзела І, артыкул 6 раздзела ІІІ, артыкул 2 раздзела ІV і г.д.). Тое ж самае ёсць у шмат якіх артыкулах Статутаў 1566 і 1588 гг.

Палякі таксама здаўна карысталіся тэрмінам «рэч паспалітая» («rzecz pospolita») і ўжывалі яго як сінонім Каралеўства Польскага. Аднак у 1569 г. яны абвясцілі, што цяпер ВКЛ  увайшло ў склад Польшчы і з гэтага моманту ўтварылася адна Рэч Паспалітая – Польскае Каралеўства. Тое яны зафіксавалі ў Заключным акце Люблінскага сойму і з таго часу заўсёды сцвярджалі што пад назвай Рэч Паспалітая існуе толькі Польская дзяржава. Але гэта доказ імкненяў польскіх магнатаў, польскай шляхты, іерархаў польскага касцёлу і нічога больш акрамя таго*. Бо нашы продкі ніколі так не лічылі і сапраўды так ніколі не было. ВКЛ і юрыдычна і фактычна заставалася асобнай дзяржавай да 3 траўня 1791 году і пасля яго, ажно до моманту знішчэння Рэчы Паспалітай.

/* Трэба падкрэсліць, што для польскага Касцёлу галоўнай мэтай уніі было распаўсюджванне каталіцтва сярод насельніцтва ВКЛ. А для польскіх магнатаў і шляхты – імкненне да набыцця маёнткаў на землях ВКЛ. /

Да канца ХVІІІ стагоддзя ў ВКЛ дзейнічаў свой заканадаўчы орган – Вальны Сойм (галоўны з’езд дэпутатаў ад шляхты, якіх выбіралі на павятовых сойміках); працавалі юрыдычна незалежны ўрад (Паны-Рада), адміністрацыя ваяводстваў і паветаў; была свая ўстанова замежных спраў – дзяржаўная канцылярыя. Існавалі уласны дзяржаўны скарб, войска, судовыя ўстановы розных узроўняў (найвышэйшая з іх – Трыбунал ВКЛ), свае дзяржаўныя пасады. А галоўнае, дзейнічалі ўласныя законы, сабраныя ў Статуце 1588 году, якія былі юрыдычным падмуркам незалежнасці дзяржавы. 

І з часоў панавання Ягайлы і пасля 1569 году Карона і Княства сапраўды мелі шчыльныя палітычныя кантакты. Аднак яны выяўляліся пераважна ў трох сферах. Па-першае, у спалучэнні ў адной асобе вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы; па-другое, у правядзенні агульных вальных соймаў па чарзе то ў адной, то ў другой дзяржаве, паслоў на якія выбіралі асобна на вальных соймах Княства і Кароны; па-трэцяе Княства і Карона нярэдка ажыццяўлялі супольныя ваенныя дзеянні – абарону ад варожых нападаў ці буйнамаштабныя кампаніі (напрыклад, паходы на Масковію ў 1609—1611 і 1617—1618 гг., паходы супраць Турэччыны). Часам дзве дзяржавы ўзгаднялі і свае замежнапалітычныя дзеянні. Усё гэта было зручна і для Княства і для Кароны.

Аднак палітычныя, вайсковыя і дыпламатычныя хаўрусы зусім не сведчаць, што нейкая з дзвюх дзяржаў больш не існавала.

Такім чынам, Рэч Паспалітая абодвух шляхецкіх народаў – гэта вайскова-палітычны хаўрус магнатаў і шляхты Княства і Кароны, іх «агульная справа». Непаразуменне гэтай найважнейшая асаблівасці дало падставы пазнейшым замежным гісторыкам казаць пра існаванне нібыта адзінай «польскай» дзяржавы. А польскія гісторыкі здаўна наўмысна сцвярджалі тое. 

***

Рэч Паспалітая мела рысы, зусім унікальныя для тагачасных дзяржаў: 

Перш за ўсё, яе палітычная сістэма характарызавалася моцным абмежаваннем каралеўскай улады праз так званую «шляхецкую дэмакратыю» і «залатыя шляхецкія вольнасці».  

Агульны Сойм, які цалкам кантралявала шляхта, уводзіў тыя абмежаванні ў выглядзе законаў. Калі ў іншых дзяржавах стагоддзяміі лічылі, што манарх – “памазанік Божы”, у Рэчы Паспалітай ён быў “першы сярод роўных”. Ніводнаму шляхцічу не магла прыйсці ў галаву такая дурасць каб называць сябе “рабом” караля. Па сутнасці, выбарны кароль выконваў ролю своеасаблівага “прэзідэнта” шляхецкай рэспублікі. 

Па другое, ВКЛ мела этнічна разнастайнае і шматканфесійнае насельніцтва, таму яно і ў Рэчы Паспалітай захавала незвычайную для часоў феадалізму рэлігійную талерантнасць. Калі на нашы землі ўрываліся маскоўскія агрэсары, яны ніколі не маглі зразумець, чаму у гарадах і мястэчках побач знаходзяцца каталіцкія касцёлы, праваслаўныя ці ўніяцкія цэрквы, іўдэйскія сінагогі і нават кальвінскія зборы, і чаму гэта не хвалюе тутэйшае жыхарства.

Праўда, пад ціскам палітычных абставін з канца XVII стагоддзя ступень рэлігійнай талерантнасці пачала паступова змяншацца, але ў нас ніколі не было таго рэлігійнага фанатызму, які меў месца ў Масковіі і ў Польшчы. 

Як утварылася Рэч Паспалітая

У сярэдзіне XVI стагоддзя ВКЛ апынулася ў складаным становішчы. Пад час нападу Масковіі на Лівонскую канфедэрацыю кароль і вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст прапанаваў Лівонскаму ордэну (які з’яўляўся часткай  той канфедэрацыі) пратэктарат ВКЛ, што хутка прывяло да вайны з Масковіяй.

Вайна адразу пайшла нядобра для ВКЛ, ужо ў студзені 1563 г. Княства страціла Полацк і большую частку Віцебскага ваяводства. Даволі хутка магнаты і шляхта зразумелі, што ў адзіночку Княства не здольна адбіць агрэсію Масковіі. Але каб прыцягнуць на дапамогу польскае войска патрабаваліся юрыдычныя падставы і – галош ў нае – нешта прывабнае для польскай магнатэрыі.

Абмеркаванне ўмоваў аб’яднання пачалося ў тым жа 1563 г. на Варшаўскім сойме, у паседжаннях якога ўдзельнічала дэлегацыя ад ВКЛ. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты ажно часоў Ягайлы, дамагаўся поўнай інкарпарацыі Княства ў склад Кароны.

Прадстаўнікі ВКЛ не прызнавалі тых дакументаў, называлі іх фальшывымі, і выступалі за раўнапраўны хаўрус дзвюх краінаў. Паны-Рада ўсяляк зацягвалі час, пакідалі агульныя Соймы, давалі сваім паслам адпаведныя інструкцыі. Захаванне незалежнасці было прынцыповай пазіцыяй Радзівілаў, Валовічаў, Хадкевічаў ды іншых нашых магнатаў.

Вострыя спрэчкі доўжыліся не адзін год, а тым часам ваенная сітуацыя рабілася ўсё больш горшайНайбольш цярпела ад маскоўскіх захопнікаў шляхта і таму была гатовая пагадзіцца на ўмовы палякаўАкрамя таго, шляхце вельмі падабаліся шырокія шляхецкiя вольнасці ў Кароне. Пра неабходнасць ўніі заявілі на Берасцейскім вальным сойме паслы ад зваяванага маскоўцамі Віцебскага ваяводства. Праз год на Гарадзенскім сойме шляхта зноў прасіла Жыгімонта II Аўгуста паскорыць аб’яднанне.

Супольны сойм Княства і Кароны распачаў паседжанні ў Любліне 10 студзеня 1569 г. і адразу выявіў прынцыпова розныя падыходы. Радзівілы супроцьпаставілі свой праект уніі польскаму. Ён прадугледжаваў для Княства асобныя дзяржаўныя ворганы і ўласны Сойм. Сенатары і дэпутаты з ВКЛ праводзілі нарады асобна ад палякаў. Тыя запатрабавалі ад Жыгімонта II Аўгуста, каб ён прымусіў ліцвінаў прыняць нявыгадныя ім умовы.

1 сакавіка абураная дэлегацыя ВКЛ пакінула Люблін. Скарыстаўшыся ад’ездам Паноў-Рады і ліцвінскіх паслоў, палякі дамагліся ад караля ўказаў пра далучэнне да Кароны багатых паўднёвых земляў Княства. 5 сакавіка сойм, на якім засталіся адны палякі, прыняў акт пра інкарпарацыю Падляшша, 27 траўня – Валыні, затым Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў. Менавіта гэта прывабіла польскіх магнатаў.  

Большасць шляхты і мяшчан (жыхарой гарадоў ды мястэчак) на тых абшарах былі згодныя з тым, каб увайсці ў склад Кароны. А вось ліцвінскія магнаты выступалі супраць, аднак у рэшце рэшт пагадзіліся і яны, бо нічога не страцілі са сваіх уладанняў. Рашуча не прыняла спалучэння з Польшчай шляхта аднаго Мазырскага павета на сваім сойміку. І хоць павет уваходзіў у Кіеўскае ваяводства, ён застаўся ў Княстве.

У чэрвені 1569 г. дэлегацыя ВКЛ вярнулася ў Люблін. Найвышэйшыя ўрадоўцы, найперш Астафей Валовіч, Ян Хадкевіч, Леў Сапега, Мікалай Радзівіл “Руды” рабілі ўсё магчымае, каб захаваць самастойнасць сваёй дзяржавы. Урэшце ім удалося дасягнуць кампрамісу, на аснове якога 1 ліпеня 1569 г. Акт Люблінскай уніі быў падпісаны. 

Акт абвяшчаў што Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іных і Каралеўства Польскае злучаюцца ў адно «непадзельнае цела» і складаюць цяпер «адну агульную Рэч Паспалітую» з агульным Соймам і манархам, які будзе як каралём польскім, так і вялікім князем літоўскім. На абшары ўсёй дзяржавы дэкларавалася поўнае раўнапраўе шляхты. У Акце было напісана: «звяз двух шляхоцкіх народаў, звяз роўных з роўнымі».

Палякі атрымалі юрыдычную магчымасць набываць у ВКД зямлю і займаць дзяржаўныя пасады. Прадугледжвалася адзіная грашовая сістэма. Заканадаўства ВКЛ трэба было прывесці ў адпаведнасць з польскім.

Аднак у сапраўднасці ўсё адбылося інакш. Ужо сам кампрамісны, даволі супярэчлівы Акт уніі ўтрымліваў нормы, паводле якіх дзве дзяржавы захоўвалі значную частку свайго суверэнітэту. Выканаўчая ўлада (акрамя асобы манарха) разам з усімі дзяржаўнымі пасадамі заставалася ў ВКЛ асобнай.

Першым кіраўніком канфедэрацыі на працягу трох гадоў (1 ліпеня 1569 — 7 ліпеня 1572) быў кароль польскі, вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст. Ён памёр, не пакінуўшы нашчадкаў.

Амаль праз год безкаралеўя, 11 траўня 1573 г., элекцыйны сойм у Варшаве абраў каралём Рэчы Паспалітай 22-гадовага француза Генрыка Валезыя (Валуа), герцага Анжуйскага. Аднак ён здолеў прыехаць у Кракаў толькі 18 лютага 1574 г. і ўжо праз чатыры месяцы збег назад у Францыю, каб заняць пасад французскага караля. 

У траўні 1576 г. новым каралём абралі Стэфана Баторыя, выдатнага ўгорскага палкаводца з Трансільваніі. Ужо першым сваім прывілеем ён скасаваў усе тыя пастановы Люблінскага сойму, якія ўвадзілі нормы, нераўнапраўныя ў дачыненні да Княства.

Адмысловая каралеўская камісія ўдакладніла межы паміж дзвюма дзяржавамі. Баторый здолеў вярнуць акупаваныя маскоўцамі ўсходнія землі ВКЛ. А праз два гады пасля смерці караля Стэфана новы Статут ВКЛ (1588 г.) канчаткова замацаваў палітычны, эканамічны і культурны суверэнітэт Княства. 

Да ўмоў Люблінскай уніі можна ставіцца па-рознаму, але трэба памятаць, што менавіта яна выратавала Княства ад захопу Масковіяй. У такім разе ВКЛ чакаў лёс Ноўгарадскай рэспублікі. Пасля далучэння яе да Масковіі старажытны этнас з самабытнай культурай і дэмакратычнымі традыцыямі быў знішчаны.

Зразумела, што далучэнне да Польшчы ўкраінскіх земляў было для Княства з эканамічнага пунту гледжання цяжкай стратай. Аднак у выніку гэтага ВКЛ пазбавілася ад прысутнасці ў дзяржаве зусім іншага вялікага этнасу, які ствараў мноства праблем. Дастаткова ўзгадаць шматлікія паўстанні ды ўварванні ўкраінскіх казакоў. 

***

На працягу прыблізна сямі дзесяцігодздзяў (1578 – 1648) Рэч Паспалітая з’яўлялася досыць магутнай. Але потым пачаўся пэрыяд паступовага заняпаду, галоўным чынам палітычнага і ваеннаг. Узрастаючая слабасць канфедэрацыі ў рэшце рэшт прывяла да захопу і падзелу яе у другой палове XVIII стагоддзя  драпежнымі суседзямі: Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі, Прускім каралеўствам. 


 .