Тэма 10.

Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй у 1609—1618 гг.

Як мы ўжо ведаем, Самазванец № 2 рушыў на поўнач, 30 красавіка – 1 траўня 1608 г. разбіў пад Болхавым войскі Васіля Шуйскага і аблажыў Маскву. Свой лагер ён уладкаваў каля сяла Тушына, ад якога атрымаў мянушку “Тушынскі злодзей".

Шуйскі паспрабаваў урэгуляваць сітуацыю. Ён склаў мірную дамову з каралём Жыгімонтам III (26 ліпеня), па якой адпусціў усіх палякаў, узятых у палон пасля травеньскіх падзей. Жыгімонт, у сваю чаргу, абацяў адазваць з Тушына ўсіх палякаў ды ліцвінаў, чаго на самой справе выканаць не мог. Маскоўцы сапраўды адпусцілі палонных палякаў, у тым ліку Марыну Мнішак. Яе прывезлі ў Тушынскі лагер і яна неадкладна “прызнала” ў самазванцу свайго мужа.

Значная частка Масковіі апынулася пад уладай тушынскага ўрадаа у абложанай Маскве пачаўся голад. У такой сітуацыі Васіль Шуйскі вырашыў звярнуцца за дапамагай да швецкага караля Карла IX. 28 лютага 1609 г. яго пляменнік князь Міхаіл Скопін-Шуйскі (1586—1610) падпісаў ў Выбаргу адпаведную дамовуЗгодна з ёй швецкі кароль абавязаўся выставіць войска супраць Самазванца, а Шуйскі – аддаць за гэта шведам Капорскі павет, скласці хаўрус супраць Рэчы Паспалітай і дапамагчы адваяваць Лівонію.

И сапраўды, 15 тысяч шведаў на чале з Якабам Дэлагардзі (1583—1652) прыйшлі ў вайсковы лагер Скопіна-Шуйскага. Пасля гэтага аб’яднанае маскоўска-швецкае войска нанесла тушынцам некалькі параз (пад Таржком, Цвер’ю, Дзмітравым), вызваліла ад іх поўнач і паўночны захад дзяржавы.

Але кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза скарыстаўся накіраванай супраць яго маскоўска-швецкай дамовай як нагодай для вайны і ў верасні 1609 г. аблажыў Смаленск, дзе знаходзіўся 4-тысячны гарнізон на чале з баярынам Шэінам.

Уварванне войска Жыгімонта і яго патрабаванне да тушынскіх палякаў і ліцвінаў пакінуць самазванца і ісці на дапамогу каралю выклікала крызіс сярод тушынцаў. Спачатку яны ўспрынялі патрабаванне Жыгімонта вельмі варожа, іхныя паслы нават патрабавалі ад караля пакінуць Масковію, якую ўжо лічылі сваёй, але ў наступным годзе бальшыня выхадцаў з Рэчы Паспалітай усё ж вырашыла пайсці да караля.

Самазванец збег у Калугу, дзе да яго далучыліся казакі, татарычастка палякаў і ліцвінаў. Астатнія на чале з гетманам Раманам Ражынскім (1575—1610) спалілі тушынскі лагер і сышлі ў Валакаламск.

Тушынскія ж маскавіты на чале з князям Міхаілам Салтыковым (памёр у 1621 г.), якія апынуліся ў бязвыхадным становішчы, у сваю чаргу высунулі цікавую ідэю: заклікаць на царства сына Жыгімонта, каралевіча Уладзіслава, якому было тады 15 гадоў, з умовай, што ён возьме хрост у праваслаўную веру і ажэніцца з якой-небудзь маскоўскай князёўнай. Іх прадстаўнікі дамовілся пра гэта з Жыгімонтам у яго лагеры пад Смаленскам.

У сакавіку 1610 г. маскоўска-швецкае войска на чале са Скопінам-Шуйскім і Дэлагардзі ўрачыста ўвайшло ў Маскву і пачало рыхтавацца да паходу на Смаленск. Але маладога палкаводца 23 красавіка атруцілі ў Крамлі, і войска ўзначаліў Зміцер Шуйскі, бясталентны родны брат цара. На шляху да Смаленска яго атакавала і разбіла каля вёскі Клушына 4 ліпеня 1610 г. войска польного гетмана кароннага Станіслава Жалкеўскага (1547—1620). Пры гэтым наёмныя нямецкія адзелы генерала Дэлагардзі, якім Зм. Шуйскі адмовіўся заплаціць жалаванне да пачатку бітвы, перайшлі на бок Жалкеўскага, а Зм. Шуйскі вельмі бесталкова камандаваў маскоўскім апалчэннем і яно было разбіта ў шчэнт.

Пасля перамогі С. Жалкеўскі рушыў на Маскву, дзе абураны народ на чале з Захарам Ляпуновым (ён камандаваў рушэннем разанскіх дваран) 17 ліпеня скінуў Васіля Шуйскага са стальца і зачыніў яго ў манастыр. З гэтага моманту дзяржаўная ўлада ў Масковіі перайшла да ўрада з сямі баяраў*.

/* Склад урада: князі Фёдар Мсціслаўскі (старшыня баярскай Думы), Іван Варатынскі, Андрэй Галіцын, Барыс Лыкаў-Абаленскі, Андрэй Трубяцкі, баяры Іван Раманаў, Фёдар Шарамецьеў. /

Расклад сіл супраціўнікаў на пачатку жніўня быў наступны: з заходняга боку ад Масквы, у Харошаве, стаялі палякі і ліцвіны на чале з Жалкеўскім, з паўднёвага ўсходу, у Каломенскім – Ілжэзміцер II, які вярнуўся з Калугі, і з ім – літоўскі атрад князя Яна Пятра Сапегі (1569—1611). Баяры асабліва баяліся Ілжэдзміцера, таму што ў яго было ў Маскве мноства прыхільнікаў і ён быў значна больш папулярны, чым яны.

У выніку ўрад Сямі баяраў таксама вырашыў запрасіць на маскоўскі пасад каралевіча Уладзіслава – пры ўмове яго пераходу ў праваслаўе і шлюбу з маскоўскай князёўнай, як пра тое раней ужо дамовілася з Жыгімонтам дэлегацыя ад тушынскага ўрада.

17 (27) жніўня 1610 г. была падпісаная адпаведная дамова паміж маскоўскім урадам і гетманам Жалкеўскім. Пасля гэтага прадстаўнікі ад жыхароў Масквы цалавалі крыж на вернасць Уладзіславу, а да караля пад Смаленск паехала пасольства на чале з князем Васілём Галіцыным – каб выпрацаваць канчатковыя ўмовы вянчання Уладзіслава на царства і мірнай дамовы з Рэччу Паспалітай. С. Жалкеўскі адзначыў у сваіх запісках:

“Амаль усе гарады, як толькі пазналі, што Масква прысягнула Каралевічу, са стараннасцю прысягалі такім жа чынам, як у сталіцы: Ноўгарад Вялікі, Чаранда, Усцюг, Пераяслаў Разанскі, Яраслаўль, Волагда, Бела-возера (Белазерск), Сілійские гарады (замкі), і ўвесь гасцінец да Архангельска і да Ледавітага мора, таксама ўся Разанская зямля да Ніжняга Ноўгарада (што знаходзіцца пры злучэнні Акі з Волгай), таксама тыя гарады, якія трымалі бок Самазванца – Каломна, Тула, Серпухаў ды іншыя, акрамя Пскова, які вагаўся, і некаторых Северскіх гарадоў, якія яшчэ прызнавалі Самазванца за цара, і за тое былі вельмі трывожаны запарожскімі казакамі.

З аддалёных Казані і Астрахані яшчэ не было вестак пра тое, ці задаволены яны гэтым учынкам. Але ва ўсіх іншых блізкіх абласцях, як згадана вышэй, ад Вялікіх Лук, ад Тарапца і іншых гарадоў вельмі былі задаволены, што ім, як яны казалі, Бог даў Гаспадаром каралевіча Уладзіслава  

Тым часам маскоўскі ўрад на чале з баярамі, асцерагаючыся і Самазванца, і незадаволенасці масквічоў запрасіў Жалкеўскага увайсці з войскам у Маскву, каб мець узброены кантроль над горадам. У ноч на 21 верасня 1610 г. польскія ды ліцвінскія вайсковыя адзелы занялі Крэмль. Жалкеўскі паведаміў каралю, што з гэтага моманту ён будзе клапаціцца аб падтрыманні парадку ў сталіцы да прыбыцця і каранацыі каралевіча Уладзіслава.  

Аднак пасольства да Жыгімонта не здолела ні пра што з ім дамовіцца, бо кароль не жадаў адпускаць сына ў Маскву, больш за тое, імкнуўся, каб на царства Маскоўскае каранавалі яго. Мабыць, ён зусім не разумеў, што маскавіты ніколі не прымуць цара-каталіка.

У рэшце рэшт Жыгімонт загадаў арыштаваць пасольства і пачаў пасылаць свае вайсковыя адзелы, каб яны станавілся гарнізонамі ў розных гарадах Масковіі. У такой сітуацыі ўзнік і паступова рабіўся ўсё больш моцным рух за выгнанне палякаў з краіны. Гэты рух аб’яднаў і былых “тушынцаў”, і былых прыхільнікаў Шуйскага, і ворагаў Сямі баяр.

Праз некалькі месяцаў Жалкеўскі ад’ехаў да караля у лагер пад Смаленскам. На чале маскоўскага гарнізона ён пакінуў Аляксандра Гансеўскага (каля 1575—1639).

Польска-літоўскае войска ўзяла Смаленск штурмам 3 чэрвеня 1611 г. пасля 18 месяцаў аблогі.

У 1611 г. партыя “незадаволеных”, якую моцна падбухторвалі праваслаўныя святары ды манахі на чале з патрыярхам Гермагенам, сфармавалі апалчэнне (пазней яно атрымала назву Першага апалчэння). Апалчэнне складалася галоўным чынам з былых тушынскіх казакоў (пад правадырствам князя Зміцера Трубяцкога і атамана Івана Заруцкага) ды разанскіх дваран (імі камандавалі браты Захар і Пракоп Ляпуновы).

Апалчэнне рушыла да Масквы, дзе ўспыхнула паўстанне, якім кіраваў князь Зміцер Пажарскі. Аднак польска-ліцвінскі гарнізон задушыў паўстанне, паранены Пажарскі ледзь выратаваўся і павінен быў хавацца на сваёй радзіме. Апалчэнцы ж здолелі заняць так званы Кітай-горад (адзін з раёнаў Масквы, абкружаны ўласнай сцяной). Але ў хуткім часе паміж казакамі і дваранамі распачаліся спрэчкі ды канфлікты, якія завяршыліся забойствам Ляпунова. Абураныя дваране пакінулі Маскву і пайшлі да хаты, казаки ж засталися на месцы.

У 1612 г. ў Ніжнім Ноўгарадзе гарадскі стараста Кузьма Мінін пачаў збіраць так званае Другое апалчэнне. На самой справе тое было не апалчэнне грамадзян, а войска прафесійных ваяроў, якіх нанялі за грошы. Узначаліў войска князь Зм. Пажарскі. На пачатку жніўня 1612 г. яно з’явілася каля Масквы, дзе злучылася з казакамі Трубяцкога і Заруцкага.

Тым часам ад Смаленска на Маскву ішло войска вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча з абозам правіянта і з падмацаваннямі для свайго гарнізона ў Крамлі. Аднак прабіцца ў Крэмль праз сеціва гарадскіх вуліц ды завулкаў тое войска не здолела і пасля трох дзён жорскіх сутычак (22—24 жніўня) яно адышло назад. Гарнізон у Крамлі складаўся ў той мамант з адзела ліцвінскай шляхты, адзелаў наймітаў – немцаў і французаў (палякаў сярод іх не было, яны сыйшлі ў 1611 г. пасля задушэння паўстання). У кастрычніку сярод іх распачаўся голад і 4 лістапада 1612 г. гарнізон здаўся ў палон. Азвярэлыя маскоўцы адразу ж парушылі ўмовы здачы і забілі большасць палонных.

У лютым 1613 г. у Маскве сабраўся Земскі сабор і 21 лютага абраў новым царом 17-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава (1596—1645). Акрамя таго, сабор вырашыў ізноў захапіць Смаленск, які маскоўцы ўпарта лічылі “сваім”. Сабранае для паходу на Смаленск войска ў сярэдзіне 1613 г., калі пайшло паходам, налічвала 12.250 чалавек.

Яно без бою заняла Вязьму (7 ліпеня 1613 г.) і ДарагабужПасля гэтага войска ўзяла Белую – маленькую, але важную крэпасць на мяжы з Літвой, у якой сядзеў невялікі гарнізонВыгляд вялікага маскоўскага войска і шчодрыя абяцанкі ваявод прымусілі наймітаў здаць горад, нягледзячы на актыўны супраціў літоўскай часткі гарнізона. Пасля ўсяго гэтага маскоўцы падыйшлі да галоўнай мэты паходу – Смаленска.

Маскоўскія ваяводы вялікія надзеі ўскладалі на здачу горада без боя падобна Белай. Пра тое, што яны зрабілі стаўку на капітуляцыю, а не штурм крэпасці, кажуць іх дзеянні. За ўвесь час аблогі не было ніводнага штурму ці падкопу, аблогавая артылерыя таксама адсутнічала. Дзеянні маскоўцаў абмежаваліся пабудовай астрожкаў і ўзвядзеннем засек на ўсіх дарогах з ВКЛ.

Аднак у сярэдзіне 1614 г. поспехі змяніліся няўдачамі. Маскоўцы пацярпелі некалькі параз у сутычках . Потым ліцвіны здолелі прабіць блакаду і перакінуць у Смаленск падмацаванні і харчы. З таго моманту пачалася доўгая аблога горада. У 1615 г. вакол Смаленска працягваліся невялікія сутычкі, якія перамяжоўваліся перамовамі. Нягледзячы на асобныя поспехі, у цэлым аблога не давала вынікаў. Адзелы ліцвінаў яшчэ двойчы прабіліся ў крэпасць і правялі абозы.

У 1615 г. літоўскі полк лёгкай кавалерыі Аляксандра Лісоўскага здзейсніў паход у глыб тэрыторыі Масковіі, апісаўшы вялікую завесу вакол Масквы, пасля чаго вярнулася ў землі Рэчы Паспалітай. У тым рэйдзе ўдзельнічалі ад 1200 да 2000 чалавек. Падчас рэйду адбыўся бой пад Арлом, дзе з лісоўчыкамі сутыкнуліся харугвы Другога апалчэння на чале з князям Д. Пажарскім і пацярпелі паразу.

Становішча маскоўскага войска, што працягвала аблогу, паступова рабілася ўсё больш горшым.

З другой паловы 1616 г. ліцвіны пачалі дзейнічаць больш актыўнаСтараста Веліжскі Аляксандр Гансеўскі, сабраўшы ўсе наяўныя сілы, прыйшоў пад Смаленск і стаў лагерам непадалёк. У лістападзе ягоны адзел (каля 2000 чал.) здзейсніў манеўр і стаў лагерам паміж Дарагабужам і Смаленскам, у сяле Цвярдзіліцы. Гэта дазволіла яму спыніць забеспячэнне аблогавага войска па Вялікай маскоўскай дарозе.

Для дапамогі Смаленску ў студзені 1617 г. у Маскве пачалі рыхтаваць новае войска на чале з князям Юрыем Суляшовым і стольнікам Сямёнам Празароўскім. Аднак ваяводы зноў марудзілі з часам.

У канцы 1616 г. кароль Жыгімонт III вырашыў пайсці паходам на Маскву, каб скінуць «узурпатара» Міхаіла Раманава і пасадзіць на сталец законнага цара Уладзіслава Вазу.У паходзе павінны былі прыняць удзел каронныя войскі на чале з Уладзіславам (6 тыс. чал.) і літоўскія пад камандаваннем вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча (6,5 тыс. чал.).

Першымі выступілі ліцвіны. У траўні 1617 г. на дапамогу Гансеўскаму прышлі «лісоўчыкі» на чале з іх новым палкоўнікам Станіславам Чаплінскім (каля 1585—1618). Маскоўскае войска зняло аблогу Смаленска, пакінула свае астрожкі і адступіла ў бок Белай.

Сам жа Уладзіслаў выступіў з Варшавы 5 красавіка 1617 г., але прыбыў у Смаленск толькі ў верасні. Адтуль ён пайшоў далей. 1 кастрычніка ваявода Дарагабужа Іван Ададураў перайшоў на бок Уладзіслава. Вестка пра здачу горада прывяла да панікі ў маскоўскім войску пад Вязьмай, і 8 кастрычніка войска Уладзіслава заняла крэпасць без бою.

Аднак на гэтым яго поспехі скончыліся. Узімку 1617—18 гг. маскоўскі ўрад сцягнуў на заходні кірунак амаль усе наяўныя сілы пад камандаваннем ваявод Барыса Лыкава, Зміцера Чаркаскага і Зміцера Пажарскага (агулам 16500 чалавек).

Аб’яднанае войска каралевіча Уладзіслава і гетмана Хадкевіча ў раёне Мажайска сустрэла сур’ёзны супраціў. Баі ў гэтых месцах цягнуліся ўсё лета 1618 г. У рэшце рэшт маскоўцы адступілі, аднак польска-літоўскае войска страціла час і саслабела, таму што шляхта масава пакідала лагер па прычыне няплаты жалавання. У выніку пад Маскву прыйшло не больш за 8000 чалавек.

Адным з чыннікаў адступу маскоўцаў ад Мажайска стала ўварванне запарожскіх казакоў на чале з гетманам Пятром Сагайдачным. Казакі, скарыстаўшыся адсутнасцю буйных урадавых сіл, прасунуліся з паўднёвага захаду да Масквы, па шляху захапіўшы Ліўны, Ялец і некалькі невялікіх крэпасцяў.

У канцы верасня 1618 г. польска-літоўскае і запарожскае войскі сустрэліся каля Масквы. Ян Хадкевіч не меў сродкаў для працяглай аблогі і таму 1 кастрычніка 1618 г. распачаў штурм Масквы, які быў адбіты. Пасля няўдачы палякі і ліцвіны змесцаваліся ў раёне Троіца-Сергіевай лаўры, а казакі ў раёне Калугі.

Урад цара Міхаіла Раманава не меў магчымасці ні перамагчы, ні выгнаць ворагаў са сваёй тэрыторыію Таму ён быў вымушаны падпісаць Дэулінскае перамір'е тэрмінам на 14,5 гадоў. Па ім Рэч Паспалітая вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну і Севершчыну, захопленыя ў папярэднім стагоддзі Масковіяй.

Такім чынам, вайна скончылася перамогай нашых продкаў.

 

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.7 (оценок:22)
 .