Тэма №2.

Кароль Стэфан Баторый і ВКЛ    

Стэфан Баторый (27.09.1533 – 12.12.1586) быў каралём Рэчы Паспалітай усяго дзесяць гадоў. Аднак за час свайго панавання ён праславіўся як палкаводзец, дыпламат, рэфарматар, прыхільнік навукі і адукацыі.  

Баторый у Трансільваніі  

Сапраўднае імя і прозвішча С. Баторыя – Батары Іштван, бо венгры спачатку пішуць прозвішча, потым імя (галоўнае – назва роду, а не асабістае імя). Паходзіў ён са старажытнага роду венгерскіх магнатаў Баторы Шомлё ў Трансільваніі (або Сяміграддзі, краіне сямі гарадоў), якая была тады самастойнай і асобнай ад Венгрыі, хоць і васальнай дзяржавай турэцкага султана. Трансільванія займала значную частку сучаснай Румыніі. У ёй жылі венгры, румыны і немцы. Мястэчка Шомлё, цэнтр земляў роду Баторыяў, знаходзілася непадалёк ад сучаснай мяжы Румыніі з Венгрыяй. Баторыі з Шомлё валодалі тут 35 мястэчкамі і вёскамі. 

Батары Іштван, аднагодак маскоўскага цара Івана IV, быў трэцім, апошнім сынам князя Трансільваніі. Але бацька памёр праз год пасля яго нараджэння.  

З 15 гадоў Іштван выхоўваўся ў Вене пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі (фактычна – аўстрыйскай) і адначасова караля Венгрыі Фердынанда I Габсбурга, дзе ягоны старэйшы брат Андрэй займаў пасаду гофмайстра венгерскай кароны. У Вене ён атрымаў адукацыю і пачаў звацца Стэфанам (або Штэфанам). Дарэчы, некаторы час Стэфан разам з Фердынандам навучаўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі.  

С. Баторый, акрамя роднай венгерскай, добра валодаў нямецкай, лацінскай, італьянскай моваміПольскую ж і старабеларускую не вывучаўЁн размаўляў з “тутэйшымі” на лацінскай або нямецкай мове ці праз перакладчыка.  

З Падуі Баторый вярнуўся на радзіму, дзе тады ішла барацьба групоўкі венгерскіх магнатаў, на чале з прэтэндэнтам на пасад караля Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (Zapolya), супраць імператара Максімільяна II Габсбурга, пераемніка Фердынанда I, які памёр у ліпені 1564 г. Баторый падтрымаў Заполья, ваяваў з аўстрыйцамі, набыў добры вайсковы досвед. 

Потым Заполья накіраваў Баторыя на чале пасольства ў Вену каб весці перамовы з імператарам, але падчас перамоў яго арыштавалі і два гады трымалі ў Вене. Там Стэфан не марнаваў часу дарэмна, паглубляў сваю адукацыю.

Атрымаўшы свабоду, вярнуўся дадому. Ян Жыгімонт Заполья памёр у сакавіку 1571 г. Праз два месяцы пасля гэтага (25 траўня 1571 г.) С. Баторыя абралі князем Трансільваніі. Аднак у выніку шэрагу войнаў Трансільванія моцна заслабла, таму Баторыю давялося прызнаць сябе васалам адначасова і турэцкага султана Селіма II, і імператара Максімільяна II.    

Абранне каралём Рэчы Паспалітай 

У 1574 г. з Кракава ў Парыж патаемна ўцёк нядаўна абраны кароль Рэчы Паспалітай Анры Валуа (палякі звалі яго Генрыкам Валезіям), каб заняць французскі трон пасля смерці старэйшага брата Карла IX. І сапраўды, ён стаў каралём Францыі Генрыхам III. Трэба было выбіраць новага караля Рэчы Паспалітай. Караля, як мы ведаем, выбіраў сойм, дзе асноўныя пазіцыі займала шляхта, а не магнаты. Бальшыня магнатаў і санатараў Польшчы і ВКЛ была супраць Баторыя. Яны жадалі мець каралём Максімільяна II, бо той жыў у Вене і рэдка наведваў бы краіну, а яны б тады самастойна кіравалі дзяржавай. 

Але кандыдатуру Баторыя падтрымаў уплывовы магнат Ян Замойскі, які ўзначаліў “партыю” (групоўку) сярэдняй і дробнай шляхты. Замойскі вельмі добра ведаў С. Баторыя. Па-першае, ён разам з ім навучаўся ў Падуанскім універсітэце. Па-другое, ягонай жонкай была сястра Стэфана – Грызельда.  

Паслы ад ВКЛ ахвотна падтрымалі высунутую Замойскім кандыдатуру Баторыя, бо з 1560 г. ішла цяжкая вайна з Масковіяй, трэба было ратаваць маёнткі і свае сем’і ад жорскіх ваяроў Івана IV, захапіўшых большую частку Полатчыны, ажжыцяўляўшых драпежніцкія рэйды на іншыя землі Вялікага Княства. Таму наша шляхта жадала бачыць каралём дасведчанага палкаводца і дыпламата. Польская і літоўская шляхта перамагла магнатаў: 12 снежня 1575 г. элекцыйны сойм абраў С. Баторыя каралём Рэчы Паспалітай, а таксама каралем Польшчы.  

Але нежанатаму Баторыю, якому было 43 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з Ганнай Ягелонкай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта I Старога і сястрой Жыгімонта II Аўгуста. На думку паслоў сойма тая жаніцьба як бы працягнула панаванне дынастыі Ягелонаў. Ганна ніколі не мела мужа, а ёй было ўжо 54 гады. Аднак каралеўская карона так вабіла С. Баторыя, што ён пагадзіўся.  

Перад ад’ездам у Кракаў Стэфан пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем свайго старэйшага брата Крыштофа і назаўсёды пакінуў радзіму.

Баторый у Польшчы і Вялікім Княстве

Баторый прыехаў у Кракаў, тагачасную сталіцу Польшчы і 29 красавіка 1576 г. быў каранаваны ў замку Вавель, а 1 траўня абвянчаўся з Ганнай.

У адказ на падтрымку паслоў ад ВКЛ новы кароль граматай ад 29 ліпеня абвасціў, што ВКЛ і Польшча з’яўляюцца раўнапраўнымі  дзяржавамі ў складзе Рэчы Паспалітай, абавязаўся вярнуць ВКЛ ўсе землі, захопленыя Масквой і пашыраць у далейшым межы Княства, не прызначаць палякаў начальнікамі ў войску ВКЛ, склікаць агульныя соймы Рэчы Паспалітай па чарзе то ў Кароне, то ў Княстве. Тым самым ён фактычна скасаваў нераўнапраўныя пастановы Люблінскага сойму. Пасля гэтага яго абралі і вялікім князем ВКЛ.   

Аднак Баторыю трэба было спачатку замацаваць сваё панаванне, бо ў Польшчы разгарнулася ўзброенная барацьба паміж яго прыхільнікамі і прыхільнікамі Максімільяна. Супраціўленне аказаў і вольны ганзейскі горад Данцыг (Гданьск). Толькі пад канец 1577 г. пасля паразы войска, нанятага жыхарамі Данцыга, апазіцыя прызнала ўладу новага караля.

Тады Баторый звярнуў увагу на дзеянні Маскоўскай дзяржавы. Бо Іван IV, скарыстаўшыся безкаралеўем ў Рэчы Паспалітай, пачаў новы наступ у Лівоніі, захапіў землі ад Дынабурга (Даўгаўпілса) да ваколіц Рыгі, амаль палову сучаснай Латвіі, у дадатак да захопленай раней часткі Эстоніі.  

Сабраўшы войска і атрымаўшы ад сойма грошы на вайну, Баторый пайшоў на Полацк і 30 жніўня 1579 г. вызваліў яго ад маскоўскай акупацыі. На працягу 1579—81 гг. Баторый і ягоныя ваяводы вызвалілі ад маскоўцаў усе захопленыя землі ВКЛ і перанеслі ваенныя дзеянні на тэрыторыю Масковіі. 

Перамогі Баторыя прыспешылі заканчэнне Інфлянцкай вайны. 15 студзеня 1582 г. Масковія і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае замірэнне. Масква адмовілася ад усіх захопленых земляў у Лівоніі і ВКЛ, а Рэч Паспалітая вярнула ёй заваяваныя маскоўскія землі. 

Перамога С. Баторыя ўратавала Вялікае Княства ад спусташэння і зруйнавання, ад маскоўскай акупацыі і тэрору. Для нашай шляхты перамога над Масквой азначала не толькі захаванне жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, перавагі закону над самадурствам, асабістых правоў (“залатых вольнасцяў”). Нічога гэтага ў Масковіі ніколі не было.

Аднак Баторый не быў задаволены вынікам вайны. Таму пасля смерці Івана ІV (8 сакавіка 1584) ён пачаў рыхтаваць буйны паход на Маскву. Але здзейсніць яго не паспеў, бо 12 снежня 1586 г. раптоўна памёр ў  Гародні. 

Баторый-рэфарматар

С. Баторый увайшоў у нашу гісторыю і як рэфарматар. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдняй і дробнай шляхты, а праз гэта – на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве і ўзмацненне каралеўскай улады. 

Каб мець прафесійнае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў (у дадатак да шляхецкага коннага апалчэння што збіралася толькі пад час вайны), Баторый у 1578 г. стварыў “кампаніі” (роты) салдат-пехацінцаў і значна пашырыў адзелы вершнікаў-пяцігорцаў. Пехацінцаў (драбаў) набіралі з вольных людзей, пераважна з сялян  каралеўскіх маёнткаў. За сваю службу яны мелі ільготы і вызваленне ад павіннасцяў, а таксама без падаткаў валодалі ўчасткамі зямлі па 1—1,5 валокі. Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. А харугвы пяцігорцаў, якія склалі пад час панавання Баторыя 10 % усей конніцы ВКЛ, набіралі з добраахвотнікаў, што прыязджалі з Пяцігор’я (Бештау), мясцовасці паміж рэкамі Церакам і Кубанью.

Сярод іншых важных рэформ – стварэнне для шляхты замест каралеўскага суда дзвюх выбарных: Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала ў ВКЛ. Суддзяў у трыбуналы абірала сама шляхта.  

Баторый дазволіў стварыць з 1 красавіка 1579 г. Віленскую акадэмію – першую вышэйшую навучальную ўстанову ВКЛ, роўную Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У акадэміі за 250 гадоў існавання атрымалі адукацыю тысячы студэнтаў з усіх куткоў Беларусі ды іншых частак ВКЛ. Праз год Баторый дазволіў езуітам адчыніць калегіум у Полацку, які дзейнічаў да 1812 г. Аднак, нягледзячы на прыбыццё езуітаў у ВКЛ, Баторый застаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі. На нашай зямлі не зажгліся вогнішчы інквізіцыі.

***

Галоўнай і ўлюбёнай рэзідэнцыяй С. Баторыя зрабілася Гародня. Замак, які захаваўся тут з часоў Вітаўта Вялікага, па яго загаду перабудавалі ў новы прыгожы палац рэнесанснага стылю. Тут ён і памёр 12 снежня 1586 г. Кароль Стэфан прастудзіўся пад час палявання ў лясах каля Гародні, захварэў на пнеўманію і памёр ад сардэчнай недастатковасці. Яму было ўсяго 53 гады.

Кароль Стэфан Баторый (малюнак Яна Матэйкі)

HTML Comment Box is loading comments...


 .