Тэма 4. 

Леў Сапега

Леў Сапега (1557—1633) – зорка першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі. Адзін з найбольш выбітных дзяржаўных і палітычных дзеячаў у гісторыі ВКЛ.

Ён нарадзіўся ў маёнтку Астроўна на Віцебшчыне. Бацька, Іван Сапега, быў старастам Драгічынскім і падстарастай Аршанскім. Маці Багдана была, князёўна Друцкая-Сакалінская.

Хлопец атрымаў бліскучую адукацыю: спачатку вучыўся ў Нясвіжскай кальвінскай школе, потым тры гады (1570—1573) ў Ляйпцыгскім універсітэце. Акрамя роднай беларускай мовы, свабодна валодаў лацінскай, польскай і нямецкай мовамі.

Пасля вяртанні з Нямеччыны Л. Сапегу заўважыў С. Баторый і прыняў на службу да сябе. У 1579—81 гг. на чале харугвы ён ваяваў супраць маскоўцаў.

У 1581—85 гг. быў вялікім пісарам земскім ВКЛ, у 1585—89 гг. падканцлерам, з 1589 па 1623 гг. (34 гады запар!) канцлерам, з 1623 г. ваяводай віленскім, з 1625 г. – вялікім гетманам.

У 1584 г. 27-гадовы Л. Сапега ўзначаліў надзвычай адказнае пасольства ў Маскву, падчас якога выявіў неардынарныя дыпламатычныя здольнасці, дамогшыся падпісання вельмі выгаднага для ВКЛ «вечнага міру», за што і быў у 1585 г. прызначаны на пасаду падканцлера.

Як падканцлер, а з 1589 г. як канцлер Л. Сапега кіраваў замежнай палітыкай ВКЛ і прыкметна ўплываў на жыццё сваёй краіны. Першарадная заслуга Л. Сапегі ў тым, што ён падрыхтаваў і дамогся зацверджання Статута 1588 года, які гарантаваў эканамічную і палітычную незалежнасць ВКЛ ад Польшчы. Цікава тое, што ён ужо тады быў прыхільнікам не абсалютнай манархіі, а моцнай дэмакратычнай прававой дзяржавы, дзе, паводле яго словаў, «павінны панаваць законы, а не асобы».

Л. Сапега адыграў вызначальную ролю ў час ваенных кампаній Рэчы Паспалітай супраць Масквы ў 1609—1611 і 1617—1618 гг. Дзякуючы ягонай асабістай мужнасці і палітычнаму таленту ВКЛ тады вярнула свае старадаўнія землі. Менавіта ён склаў умовы Дзявулінскага замірэння ад 1 снежня 1618 г., праз якое у склад Вялікага Княства вярнуліся Белы, Веліж, Дарагабуж, Красны, Манастырскае гарадзішча, Невель, Ноўгарад-Северскі, Себеж, Смаленск, Старадуб…

Найважнейшыя яго дасягненні наступныя:

1) Разам з канцлерам А. Валовічам і падканцлерам К. Радзівілам ён у 1581—82 гг. стварыў Трыбунал ВКЛ. Такім чынам у ВКЛ былі падзелены тры галіны ўлады – заканадаўчая (Паны-Рады, Вальный сойм), выканаўчая (Канцылярыя вялікага князя, ваяводы і старасты), судовая (Трыбунал). 

2) Заняўшы пост старшыні камісіі Сойма ВКЛ, падрыхтаваў, адрэдагаваў тэкст і выдаў Статут ВКЛ 1588 г. Нагадаю, што па гэтым Статуце нашы продкі жылі 254 гады!

3) Як камісар караля рашуча падтрымаў у Брэсце ў 1596 г. царкоўную ўнію, праз якую у дзяржаве ўдалося спыніць звады на рэлігійнай глебе. 

Дарэчы, сам ён спачатку спавядаў праваслаўе, потым кальвінізм (з 14 гадоў), а ў 29 гадоў перайшоў у каталіцызм. Такі асабісты досвед абумовіў верацерпнасць Л. Сапегі.

 Пра незвычайнасць асобы Л. Сапегі, яго глыбокі патрыятызм асабліва сведчыць той факт, што ў час вайны Вялікага Княства са Швецыяй, у 1625—29 гг., ён ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войска, зрабіўшы ўсё што мог дзеля выратавання Бацькаўшчыны ў тую чорную часіну.

Дзякуючы чыннасці Л. Сапегі Вялікае Княства не толькі здолела захаваць сваю незалежнасць ад Польшчы ў складаны гістарычны момант, але і перажыло новы перыяд эканамічнага ды культурнага росквіту, які поўным правам можна назваць «эпохаю Лева Сапегі».

У Статуце 1588 г. Сапега адпрэчыў пастановы Люблінскага сойма фармальна і фактычна.

Фармальна. Статут атрымаў сілу закона не праз пастанову "сумеснага" Сойма польскай і літоўскай шляхты (як патрабавала Люблінская ўнія), а ў выніку сцвярджэння яго каралём Жыгімонтам III, як заўсёды было ў ВКЛ да Люблінскай уніі. Акрамя таго прывілей, якім кароль зацвердзіў Статут, меў дзяржаўную пячатку толькі ВКЛ, подпісы караля, канцлера Сапегі і вялікага пісарчука Г. Войны. Тым самым Сапега выключыў магчымасць юрыдычных прэтэнзій да Статуту.   

Фактычна. Пры выданні Статуту трэба было змясціць у ім тэкст Люблінскай уніі ды іншыя пастановы сойма 1569 г. Але яны абмяжоўвалі правы ВКЛ як самастойнай дзяржавы і таму Сапега іх не надрукаваў. Проста  і эфектыўна!  

Акрамя таго, Статут захаваў тры артыкулы, якія выклікалі абурэнне польскай шляхты.

- Артыкул 4 (у частцы 3), які абавязваў Вялікага князя захоўваць у нязменным выглядзе межы ВКЛ;

- Артыкул 12 (у частцы 3) пра парадак раздачы пасад, маёнткаў і старостваў у Вялікам Княстве; усё гэта можна было даваць толькі Літве, Русі, Жмудзі, родзічам старажытным і ўраджэнцам Вялікага Княства Літоўскага. Калі б нейкі замежнік атрымаў зямлю праз дарэнне, ён мог карыстацца ёю толькі пасля клятвы на вернасць Вялікаму Княству, але ні на якія пасады ані прыпушчоны, ані пекла гаспадара ўстаноўлены  быць не мог.

- Артыкул 1 (у частцы 4) пра карыстанне беларускай мовай ва ўсіх земскіх установах Вялікага Княства (А писаръ земъскъй маеть поруску літарамі і словы рускими вси лісты выписы і позвы писати а не иншимъ езыкомъ і словы).  

Пасля таго як кароль Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут 28 студзеня 1588 г., Сапега за свой кошт надрукаваў Статут і разаслаў у тыя гарады і мястэчкі, якія былі цэнтрамі 8 ваяводстваў і 19 паветаў ВКЛ. 

Яшчэ адна яго дзея мае велізарнае значэнне для гісторыкаў. Па загадзе Сапегі за 13 гадоў (1594—1607), 20 пісарчукоў перапісалі ўсе кнігі Метрыкі ВКЛ (дакументы з архіва канцылярыі Вялікага князя), большасць якіх захаваліся. Гэта звыш 160 тамоў!

 .