Тэма №3. 

Перамога над Масковіяй (1579—1582)

Калі Стэфан Баторый 29 красавіка 1576 г. надзеў карону караля Рэчы Паспалітай, Вялікае княства ўжо больш за 14 гадоў (з верасня 1561 г.) знаходзілася ў стане вайны з Масковіяй.  

Маскоўскі цар Іван IV, які распачаў вайну, пераследваў дзве галоўныя мэты.

Па-першае, ён  жадаў здабыць выхад да Балтыйскага мора, бо гэта давала магчымасць Масковіі гандляваць з Еўропай без пасрэдніка ў выгляде Ганзы (гандлёвага звязу гарадоў ўсіх балтыйскіх краін). Таму ягоныя войскі, пачынаючы з 1558 г. захапілі значную частку Інфлянтаў (або Лівоніі), галоўным чынам землі сучаснай Эстоніі.

Па-другое, цар Іван жадаў захапіць землі ўсходняй паловы ВКЛ, разам з такамі гарадамі як Віцебск, Полацк, Орша, Мсціслаў, Крычаў, Шклоў, Магілёў ды іншыя. У гэтым ён ішоў за сваім дзедам Іванам III, які ў 1492 г. абвясціў вялікаму князю Казіміру IV, што маскоўска-літоўская мяжа павінна быць па Заходняй Дзвіне і Беразіне.    

Лівонскі ордэн, пабачыўшы што у адзіночку не здольны адбіваць маскоўскую агрэсію, звярнуўся за дапамогай да Швецыі, Даніі і ВКЛ. Аднак нічога добрага з таго не атрымалася. Швецыя “прыхапіла” Рэвель з ваколіцамі, Данія – выспу Эзель (cучасны Cаарэма). А ВКЛ, усталяваўшы ў 1561 г. пратэктарат над паўдзённай часткай Інфлянтаў (сучаснай Латвіяй), атрымала наўзамен вайну з Масквой.

Вайна ішла з пераменным поспехам, але з большага – няўдала для Вялікага Княства. У сярэдзіне лютага 1563 г. маскоўцы захапілі Полацк і значную частку Полатчыны. Гетман Мікалай Радзівіл “Руды” здолеў разбіць у 1564 г. дзве групоўкі маскоўскіх войскаў  — 25 студзеня на рацэ Ула, 2 лютага пад Оршай. На жаль, гэтыя перамогі не змянілі стратэгічную сітуацыю. Маскоўцы добра замацаваліся ў паўночна-усходняй частцы ВКЛ.

У 1565 г. вялікіх бітваў не было, бо і ВКЛ і Масковія цярпелі ад “чорнай смерці” – эпідэміі чумы. Аднак вайна працягвалася. Адзелы ВКЛ пустошылі Пскоўшчыну, перамаглі пад Красным Гарадком, хадзілі на Севершчыну, гетман Паўла Іванавіч Сапега пабіў маскоўцаў пад Чарнігавам. Тагачасны хаўруснік Жыгімонта Аўгуста, крымскі хан Даўлет-Гірэй хадзіў паходам на Разаншчыну.

На працягу 1566—69 гг. маскоўцы пабудавалі на подступах да Полацку 8 замкаў: Каз’ян, Красны, Крэчат, Няшчэрду, Сушу (ён жа Кап’ё), Сокал, Сітна, Туроўлю. Акрамя таго, яна адбудавалі замкі ў Азярышчах, Варонічах, Дрысе, Оршы, Себежы, Уле, Усвятах, Чашніках.

Пануючыя колы Вялікага Княства ўбачылі, што ВКЛ не здольнае перамагчы Масковію. Патрабаваўся моцны хаўруснік. Таму пад пагрозай захопу Масквой Вялікае Княства было вымушана скласці ў  1569 г. канфедэрацыю з Польскім каралеўствам – Рэч Паспалітую. Пазней удзельнікі Люблінскага сойма ад ВКЛ узгадвалі, што яны “не паехалі, а пабеглі ў Люблін”, бо за імі ішлі маскоўскія войскі.   

Цяпер Маскве давялося мець справу ўжо з дзвюма дзяржавамі. Акрамя таго ў 1569 г. татарска-турэцкае войска зрабіла ўдалы паход на Астрахань. Да таго моманту абодва бакі ўжо моцна стаміліся ад вайны, і ў канцы 1569 г. у Маскву выехала вялікае пасольства ад Рэчы Паспалітай. Аднак Іван IV па ранейшаму жадаў мець пад сваёй уладай Полацк і Рыгу. Больш за тое, у чэрвені 1570 г. ён стварыў на захопленых землях Інфлянтаў марыянетачнае Лівонскае каралеўства, на сталец якога пасадзіў прынца Магнуса, малодшага брата караля Даніі (тое каралеўства існавала каля 8 гадоў).    

У выніку, бакі склалі толькі перамір’е з 22 ліпеня 1570 г. тэрмінам на 3 гады. Фактычна ж яно захоўвалася 6 гадоў, да 1576 г. Згодна з яго умовамі, Полацкую зямлю падзялілі. Да Масковіі часова адышлі Полацк, а таксама ўсе тыя замкі, што знаходзіліся ў руках захопнікаў.   

У 1571 г. крымскі хан Даўлет-Гірэй здейсніў удалы паход на Маскву, спаліў горад, узяў вялікі выкуп з Івана IV, захапіў шмат жыхароў маскоўскіх зямель, якіх увёў у Крым і прадаў у рабства. 

У 1572 г. перамовы ўзнавіліся, але неўзабаве (7 ліпеня) памёр Жыгімонт II Аўгуст. У Рэчы Паспалітай пачалося безкаралеўе. Скарыстаўшыся гэтым, Іван IV узнавіў вайну супраць Швецыі (у 1572), захапіў у Лівоніі гарады Вейсенштэйн (1572) і Пернаў (1575), узяў у аблогу Рэвель (сучасны Талін).

Толькі пад канец красавіка 1576 г. магнаты і шляхта абралі каралём Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. А Масква ўлетку таго ж году ізноў уварвалася ў Інфлянты. Яе войскі захапілі вялікую частку Задзвінскага княства і Курляндскага герцагства, створаных на землях Лівонскага ордэну. 

Калі С. Баторый атрымаў каралеўскі сталец, ён паабяцаў адваяваць усе землі Вялікага Княства, захопленыя Масквой. Аднак шмат часу у яго заняла барацьба с палітычнымі супраціўнікамі – прыхільнікамі імператара Максімільяна II, ды з вольным горадам Данцыгам, а таксама змаганне з маскоўцамі на землях Інфлянтаў, якое скончылася перамогай над імі ўлетку 1578 г.

Таму толькі ў ліпені 1579 г. С. Баторый з вялікім літоўска-польска-вугорска-нямецкім войскам рушыў на Полацк.

Адначасова адзелы гетмана вялікага Мікалая Радзівіла “Рудога”” і яго сына, гетмана польнага Крыштафа Радзівіла “Пяруна”, ўзялі замкі Каз’яны, Сітна і Краснае, выбіўшы адтуль або знішчыўшы маскоўскія гарнізоны.

4 жніўня 1579 г. пачалася аблога Полацка, а 30 жніўня маскоўскі гарнізон капітуляваў. 16-гадовая акупацыя скончылася.

4 верасня штурмам была ўзята Туроўля, 11 верасня – Сокал, 16 кастрычніка – Суша, у снежні – Няшчэрда

Наступную кампанію (у 1580 г.) С. Баторый праводзіў ужо на тэрыторыі МасковііЯго войскі захапілі гарады Веліж і Усвятыу верасні былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, замкі Азярышча і Завалочча, пад канец года – горад Холм.   

У адказ Іван IV у 1581 г. паслаў свае войскі ў наступ уздоўж Дняпра. Яны былі разбітыя, хаця маскоўцам удалося спустошыць ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, ужо пацярпеўшыя раней.

А Баторый тады ж ад Дзісны рушыў на Остраў (узяты 21 жніўня 1581 г.) і Пскоў. З 26 жніўня 1581 г. ён пачаў аблогу Пскова. Аднак горад меў магутныя ўмацаванні, узяць яго без цяжкай артылерыі было немагчыма. Між тым асадныя гарматы адсутнічалі.  Не дзіўна, што некалькі штурмаў не прынеслі поспеху.  

Швецыя тым часам вяла сваю вайну супраць Масквы. Яе войска захапіла Карэлу, Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е.

Пяць месяцаў неўдалай аблогі Пскова і стомленасць шляхты вайною вымусілі С. Баторыя пачаць перамовы. Масква таксама не магла больш ваяваць, бо ёй моцна нехапала вайскоўцаў і грошаў. 15 студзеня 1582 г. у вёсцы Ківерава Гара (за 15 верст ад Запольскага Яму пад Псковам, адсюль назва Ям-Запольскі мір) была падпісана дамова аб перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, тэрмінам на 10 гадоў.

Па умовах перамір’я Іван IV афіцыйна адмовіўся ад Полацка і Веліжа, ад Інфлянтаў (у дамове былі пералічаны 30 інфлянцкіх гарадоў і замкаў).

Баторый вярнуў Маскве гарады ці замкі Варанеч, Велье, Вялікія Лукі, Завалочча, Краснае, Невель, Остраў, Холм з ваколіцамі, захопленыя падчас вайны.

Агульным лікам мір з Масквой цягнуўся больш за 27 гадоў, да пачатку вайны 1609—1618 гг., калі нашыя продкі адбілі ў маскоўцаў Смаленск.

А паводле Плюскага міру (1583 г.) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія з Нарвай, Ямам, Капор’ем, Івангорадам – фактычна на 120 гадоў.

Такім чынам, 23-гадовая вайна за Інфлянты, якую распачала Масковія, скончылася для яе моцнай паразай. Яна не прынесла маскоўцам нічога, акрамя велізарных фінансавых, матэрыяльных ды чалавечых страт і паклала пачатак крызісу, які пашыраўся ды паглубляўся і ў рэшце рэшт прывёў Масковію да “Смутнага часу”.

А Вялікае Княства Літоўскае павялічылася на землі часткі Інфлянтаў і атрымала магчымасць весці гандаль з ганзейскімі гарадамі праз Рыгу.    

HTML Comment Box is loading comments...


 .