Тэма 5. 

Кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Літвы Жыгімонт III Ваза   

 

Кароль Стэфан Баторый раптоўна памёр 12 снежня 1586 г. і ў Рэчы Паспалітай пачалося безкаралеўе. Прадстаўнікі дынастый, пануючых у розных краінах, высунулі шэраг прэтэндэнтаў на сталец. У жніўні 1587 г. у Польшчы (без удзелу магнатаў і шляхты ВКЛ) адбыліся два элекцыйных сейма і кожны з іх абраў свайго караля.

Большасць польскай шляхты, на чале з вялікім канцлерам і вялікім гетманам каронным Янам Замойскім (1542—1605), падтрымала 21-гадовага шведскага каралевіча Жыгімонта (1566—1632). Ён быў сынам караля Швецыі Юхана III Вазы (1537—1592) і Кацярыны Ягелон (1526—1583), дачкі Жыгімонта I “Старога”. А меншая частка шляхты, на чале з братамі-магнатамі Збароўскімі, абрала 29-гадовага аўстрыйскага эрцгерцага Максімільяна III Габсбурга (1558—1618).  

Справа хутка дайшла да ўзброеннага канфлікту паміж дзвюма “партыямі”, бо Максімільян з войскам сваіх прыхільнікаў у кастрычніку таго ж году ўзяў у аблогу Кракаў – сталіцу Польшчы. Аднак пасля няўдалага штурму ў лістападзе ён адступіў на поўдзень і стаў лагерам з аўстрыйскага боку дзяржаўнай мяжы поруч чэшскага мястэчка Бычын.

Ян Замойскі, у сваю чаргу, напачатку 1588 г. з 6-тысячным войскам перайшоў мяжу і 24 студзеня атакаваў Максімільяна. Эрцгерцаг атрымаў паразу: ён толькі забітымі страціў 2 тысячы чалавек, без уліку параненых, палонных і збеглых. Страты Замойскага былі нашмат менш. Герцаг трапіў у палон і яго замкнулі ў замку польскага мястэчка Бендзін. А Жыгімонт надзеў каралеўскую карону.

9 сакавіка 1589 г. у тым замку была падпісаны дамова, па якой Максімільян адмовіўся ад тытула караля Рэчы Паспалітай, пасля чаго атрымаў волю.

Новы кароль разумеў, што трэба мець добрыя адносіны з магутнымі Габсбургамі і таму 31 траўня 1592 г. ўзяў шлюб з Ганнай Габсбург (1573—1598). За 5 з паловай гадоў шлюбу яна нарадзіла сем дзяцей і 10 лютага 1598 г. памёрла. А Жыгімонт праз 8 гадоў (4 снежня 1605) жаніўся на яе малодшай сястры, 16-гадовай Канстанцыі (1588—1631).

Абедзве жонкі-аўстрыячкі былі фанатычнымі каталічкамі і мелі моцны ўплыў на свайго мужа. Акрамя таго праз іх пры каралеўскім двары з’явілася шмат немцаў, у тым ліку святароў ды манахаў. Усё гэта прывяло да ўзмацнення контррэфармацыі ў Польшчы. Шмат якіх пратэстантаў кароль адхіліў ад дзяржаўных пасад, у краіне пачаліся пагромы лютэранскіх ды кальвінскіх збораў. 

Збліжэнне Жыгімонта з Габсбургамі адразу зрабілася крыніцай канфлікту паміж каралём і вельмі уплывовай “партыяй” Замойскага. На сейме Кароны ў 1592 г. прадстаўнікі гэтай “партыі” нават патрабавалі скінуць яго са стальца. Аднак сейм быў сарваны праз “ліберум вета” і дэпутаты раз’ехаліся, не прыняўшы ніякіх пастаноў. Невядома што быдл бы далей, але ў наступным 1593 г. памёр кароль Юхан III, бацька Жыгімонта. І той ад’ехаў у Швецыю, дзе каранаваўся яшчэ і шведскім каралём. Аднак польска-шведская унія не прынесла палітычнай карысці ні Польскаму каралеўству, ні ўсёй Рэчы Паспалітай.

А ў самой Швецыі неўзабаве перамагла партыя супраціўнікаў Жыгімонта на чале з ягоным дзядзькам Карлам, герцагам Сёдэрманландскім (1550—1611), якога яшчэ ў 1595 г. рыксдаг абраў “правіцелям краіны”. У 1598 г. ён разбіў каля вёскі Стонгебру войска Жыгімонта, што прыплыла ў Швецыю на караблях і ў наступным 1599 г. дамогся, каб рыксдаг скінуў Жыгімонта са шведскага стальца. У 1604 г. рыксдаг абраў герцага каралём Карлам IX.

Жыгімонт шмат гадоў безпаспяхова намагаўся вярнуць сабе шведскі сталец. З 1600 па 1628 гг. (з перапынкамі) ішла вайна паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй за Інфлянты, у якой Швецыя ў рэшце рэшт перамагла.

Жыгімонт III Ваза панаваў 45 гадоў запар. Шмат якіх падзей адбылося ў тыя часы. Аднак мяне цікавіць толькі тое добрае, што ён зрабіў для ВКЛ. А зрабіў ён шмат чаго:      

– Выдаў прывілей (28 студзеня 1588 г.), якім зацвердзіў Статут ВКЛ 1588 г., гарантаваўшы суверэннасць ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Ён зрабіў гэта дзеля падтрымкі з боку магнатаў і шляхты ВКЛ, прадстаўнікоў ад якіх не было на элекцыйным сойме. Безумоўна – вымушаны крок, аднак ён яго зрабіў, і добра, што зрабіў.      

– Падтрымаў Брэсцкую царкоўную унію 1596 г. Падтрымаў таму, што быў ўпарты каталік і лічыў унію сродкам каб паступова перацягваць праваслаўных у каталіцтва. Аднак унія моцна паспрыяла усталяванню рэлігайнага спакою ў ВКЛ, а ўніяцкая царква на працягу больш за 200 гадоў захоўвала старабеларускую мову і культуру праз свае службы і кнігі. Ізноў жа гэта было добра для продкаў сучасных беларусаў.  

– У 1607 г. зацвердзіў абвешчаныя соймам Рэчы Паспалітай (у чарговы раз) шляхецкія вольнасці, непарушнаць права шляхты на выбар караля, пастаянны кантроль сенатараў за дзеяннямі караля і яго службоўцаў.

– Як палітык, Жыгімонт улічваў рэальнае становішча ў дзяржаве і добра разумеў, што ВКЛ – зусім не Польшча. Таму ён паспрыяў прыняццю агульным соймам Рэчы Паспалітай пастаноў 1609, 1618, 1631 гг., якія гарантавалі правы праваслаўных у Вялікім Княстве Літоўскім. 

– Ён падтрымаў грошамі Ілжэдзмітрыяў Першага (1604—1606) і Другога (1608—1610), дазволіў ім наймаць тутэйшую шляхту і мяшчан ў свае войскі. Паходы самазванцаў моцна аслабілі Маскоўскую дяржаву, галоўнага ворага ВКЛ.   

– Жыгімонт выйграў вайну супраць Маскоўскай дзяржавы (1609—1618), у выніку якой спачатку вярнуў ВКЛ Смаленск (у 1611 г.), а па Дэулінскаму міру (1618 г.) вярнуў усе астатнія землі, раней захопленыя маскоўскімі вялікімі князям, пачынаючы ад Івана III

Таму можна сказаць, што для нашай старажытнай дзяржавы Жыгімонт III быў зусім ня дрэнны гаспадар.

Вось толькі ён не здолеў як след выкарастаць перамогі нашых гетманаў (Яна Караля Хадкевіча ды іншых) у вайне са Швецыяй за Інфлянты, што цягнулася з перапынкамі ажно 28 гадоў (1600—1629)! Але значная частка Інфлянтаў усё ж засталася ў складзе ВКЛ.  

Таму папрокі сучасных гісторыкаў, якія вінавацяць гэтага манарха ў “правядзенні вонкавай і ўнутранай палітыкі, якая не супадала з інтарэсамі Рэчы Паспалітай”, з’яўляюцца добраахвотнымі практыкаваннямі ў дурасці. Нікому не дадзена ведаць наступстваў сваіх дзеянняў.

Паглядзіце на сучаснасць. Калі б Саддам Хусейн мог прадбачыць, чым скончыцца для яго ўварванне ў Кувейт, хіба б ён яго распачаў? Калі б Слабадан Мілошавіч мог прадбачыць, што палітыка задушэння албанцаў у Косава прывядзе яго да страты ўлады і смерці ў турме, няўжо б ён яе працягваў? Калі б Уладзімір Пуцін і яго дараднікі маглі прадбачыць наступствы растрэлаў моладзі ў Кіеве, наўрад бы яны патрабавалі ад Януковіча “жортскіх мер” і гэты клептакрат  застаўся б прэзідэнтам Украіны. 

Так чаго мы хочам ад манархаў мінулага, у якіх не было ні прагнастычных інстытутаў, ні дзясяткаў высокакваліфікаваных дараднікаў па пытаннях палітыкі і эканомікі?  

Жігімонт III Ваза

HTML Comment Box is loading comments...

  

 .