Тэма 6.

Уварванне Налівайкі (1595—96)

 

Дарэвалюцыйныя расійскія гісторыкі заўсёды паказвалі гэтыя ўварванні як барацьбу праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай супраць каталіцкага касцёлу ды ўніяцкай царквы. У савецкі жа час гісторыкі-марксісты сцвярджалі быццам тое была барацьба сялян і гарадской беднаты супраць прыгнёту польска-літоўскіх феадалаў. Аднак і дарэвалюцыйныя, і савецкія гісторыкі зусім не жадалі бачыць іншых вельмі важных чыннікаў, якія закрэслівалі матывы як абароны праваслаўя, гэтак і класавай барацьбы.З канца XVI-га стагоддзя і да сярэдзіны 60-х гадоў XVII стагоддзя адным з найбольшых няшчасцяў для нашых продкаў былі ўварванні на тэрыторыю Вялікага Княства казакоў з Украіны.

Перш за ўсё трэба добра разумець, што ўкраінскае казацтва як сацыяльная група тагачаснага грамадства, і значная частка сялянства, што марыла набыць статус казакоў, натхняліся ідэямі так званай ваеннай дэмакратыі (агульны сход вольных узброеных людзей як вышэйшая ўлада, выбарныя атаманы). Таму яны ўспрымалі дзяржаву з яе цэнтралізацыяй улады, прывылегіямі магнатаў і шляхты, абавязкамі сялян і мяшчан у дачыненні да феадалаў, падаткамі, законамі, судамі як суцэльна варожую з’яву.

А Рэч Паспалітая, трэба нагадаць, была дзяржавай дзвюх шляхоцкіх народаў. Не дзіўна, што паўстанцы ставіліся як да ворагаў і да польскай шляхты, і да каталіцка-ўніяцкай шляхты ВКЛ, і да тых, кто знаходзіўся на баку шляхты – дзяржаўных службоўцаў, ксяндзоў, манахаў, уніяцкіх святароў, яўрэяў, заможных мяшчан…

І адначасова казакі жадалі набыць такі ж самы статут як шляхта: “лыцары (так яны сябе звалі) павінны быць роўныя шляхце!” Яны зусім не разумелі, што для набыцця афіцыйнага статута ў грамадстве трэба перш за ўсё мець дзяржаву! Казакі не жадалі плаціць падаткі, не прызнавалі дзяржаўныя законы і суды, аднак дамагаліся каб кароль даваў ім грошы і зброю дзеля таго, каб яны маглі хадзіць у рабаўніцкія паходы супраць “басурманаў” – турак, валахаў, татар!  

У часы феадалізма кожны грамадскі рух непазбежна набываў рэлігійную афарбоўку. Вось чаму лозунгам анархічна настроеных казакоў і цёмнай масы “нізоў”, што далучалася да іх, было фізічнае знішчэнне іншаверцаў – каталікоў, уніятаў, іўдэяў.  

Другім жа важным чыннікам ўварванняў казакоў з Украіны ў Вялікае Княства было канчатковае размежаванне паміж украінцамі і беларусамі. Па ўмовах Люблінскай уніі тыя ўкраінскія землі, што належылі ВКЛ (Валынь, Падолле, Кіеўшчына), зрабіліся часткай Каралеўства Польскага. А беларускія землі засталіся ў BKЛ і склалі яго галоўную частку. Палітычнае размежаванне супала з этнічным размежаваннем і таму казакі з Украіны збольшага ставіліся да насельніцтва ВКЛ як да варожага, а тыя плацілі ім той жа манетай! А калі беларусы – ворагі, дык можна без усякіх сумненняў рабаваць іх, гвалтаваць, забіваць, паліць вёскі, мястэчкі ды гарады. І калі казакі ўрываліся на нашы землі, яны як драпежныя жывёлы знішчалі мужчын і жанчын, дарослых і дзетак, не мелі літасці ні да каго, у тым ліку да праваслаўных! Калі хто не верыць, няхай чытае тагачасныя хронікі.

***

Цэнтрам украінскага казацтва з’яўлялася Запарожская Сеч, дзе знаходзіліся яго галоўныя вайсковыя сілы. І вось урад Каралеўства Польскага вырашыў падначаліць сабе частку казацтва. Сем тысяч казакоў запісалі ў так званы рэестр, што пазначала службу каралю за грошы. Гэта выдзяліла іх як прывілеяваных з агульнай казацкай масы.

Адзін час такім рэестравым казаком быў і Севярын Налівайка, сын рамесніка-кушняра з мястэчка Гусяцін на Падоліі. Потым ён выйшаў з рээстра і некаторы час служыў cотнікам у надворнай харугві князя Канстанціна Васіля Астрожскага, сына славутага пераможцы маскоўцаў у бітве пад Оршай.

У чэрвені 1594 г. С. Налівайка сабраў на Брацлаўшчыне асабісты адзел з нерээстравых казакоў і на пачатку восені пайшоў з ім рабаўніцкім паходам у Малдавію і Трансільванію. Калі ж улетку наступнага 1595 г. ён вярнуўся з пахода дахаты, то даведаўся, што нехта з паслугачоў кароннага канцлера, буйнага магната Яна Замойскага адабраў у яго сям’і частку зямлі, а бацьку збіў да смерці.

Асабістая крыўда штурхнула Налівайку на паўстанне. Спачатку ён з казакамі свайго адзела захапіў уладу ў родным Гусяціну. Потым абрабаваў і спаліў адзін з маёнткаў Замойскага. А пад канец лета таго ж году заклікаў казакоў і сялян знішчыць усіх палякаў (гэта значыць каталікоў), уніятаў і яўрэяў на Правабярэжнай Украіне.

На працягу верасня і кастрычніка полымя паўстання ахапіла Валынь, Брацлаўшчыну, Падолію, частку Кіеўшчыны. Казакі разам з далучыўшыміся да іх сялянамі і гарадской беднатой захапілі Луцк, Бар, Канеў, Вінніцу і шэраг мястэчак. Усюды яна рабавалі і палілі магнацкія ды шляхецкія маёнткі, дамы заможных мяшчан, забівалі ўсіх каталікой, уніятаў і яўрэяў.

Даведаўшыся пра паўстанне, канцлер Ян Замойскі загадаў гетману рээстравых казакоў Рыгору Лабадзе (1557—1596) з 7 тысячамі рээстраўцаў рушыць супраць Налівайкі.

Як дасведчаны ваяр, Налівайка разумеў, што ягоныя “лыцары” непазбежна атрымаюць паразу ад рээстравых казакоў. Каб уратавацца ад іх, у канцы кастрычніка ён павёў сваіх прыхільнікаў на поўдзень Беларусі. Так пачалося першае ўварванне казакоў на нашы землі.

Фактар нечаканасці прынёс ім значны поспех: нечаканым нападам яны захапілі Петрыкаў. Але, пабачыўшы што Лабада працягвае наступ, Налівайка пайшоў з Петрыкава на Слуцк і 6 лістапада заняў яго праз здраду тутэйшых жыхароў, адкрыўшых браму, бо захапіць штурмам добра ўмацаваны горад казакі не маглі.

Са Слуцку казакі кожны дзень рабілі наезды на шляхецкія маёнткі ў ваколіцах – рабавалі, гвалтавалі, забівалі і палілі. Ну і, зразумела, з ранку да начы “гулялі”, бо “сапраўдны казак” не можа жыць без п’янства і розных п’яных дурасцяў! Кроў і гарэлка ліліся ракой!

Улады Вялікага Княства аб’явілі збор паспалітага рушэння ў Клецку, Ігумену і Оршы. 25 лістапада адзін з адзелаў Налівайкі быў разбіты пад Капылем ваярамі гетмана польнага ВКЛ Крыштафа Радзівіла “Пяруна”. Даведаўшыся пра тую пагрозу, 27 лістапада Налівайка загадаў сваім бандытам пакінуць Слуцк. Тутэйшым мяшчанам, каб захаваць жыццё, прыйшлося заплаціць ім вялізарны выкуп – 5 тысяч коп грошаў літоўскіх. А ў гарадскім арсенале налівайкаўцы захапілі 12 гармат, 80 гакаўніц і 700 рушніц.

Са Слуцку казакі рушылі на Бабруйск, але не дайшошўы да яго павярнулі на Магілёў. “Полк” Налівайкі (так ён пачаў зваць свой адзел) 13 снежня 1595 г. знанацку захапіў горад. У Магілёве казакі знаходзіліся амаль 12 дзён. У Баркулабаўскім летапісу адзначаны вынікі іх часовай улады над гараджанамі:

«…домы, крамы, острог выжгли, домов всех яко 500, а крамов з великими скарбами 400. Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жён, детей малых побили, порубили, попоганили, скарбов теж незличеных побрали з крамов и домов».

Гэтыя “абаронцы праваслаўя” абрабавалі ў Магілёве і праваслаўныя цэрквы, а дзве з іх спалілі! 

Але 25 снежня да гораду падышоў адзін з адзелаў паспалітага рушэння на чале са старастам рэжыцкім (не речыцкім, як звычайна пішуць!) Мікалаем Буйвідам. Налівайка, у якога было 2 тысячы ваяроў, заняў пазіцыю па-за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, дзе стварыў табар з вазоў. У Буйвіда ваяроў было больш, але ён зусім не меў гармат. Моцным агнём з гармат, гакаўніц і ручніц казакі адбілі атаку шляхты, а ў начы збеглі. Праз ваколіцы Быхава, Рагачова, Жлобіна, Стрэшына яны хуткім маршам дайшлі да Рэчыцы. Буйвід ішоў следам да Рагачова, аднак не дагнаў.

З Рэчыцы Налівайка пайшоў уздоўж Прыпяці. На працягу студзеня – лютага 1596 г. яго “полк” па чарзе захапіў і абрабаваў Петрыкаў (у другі раз!), Тураў, Давыд Гарадок, Лахву, Пінск. Як адзначылі сучаснікі, ўсюды налівайкаўцы «тварылі шкоду вялікую замкам і панам».

Толькі ў сакавіку 1596 г. Налівайка, у якога засталася каля 1500 ваяроў, перайшоў з Піншчыны на Валынь. А Шаўла ад Прапойска праз Быхаў рушыў на Чарнігаўшчыну.

Адзелы Налівайкі, Шаўлы і далучыўшагася да іх Лабады аб’ядналіся ў Белай Царкве. Пад горадам яны разбілі перадавы адзел шляхецкага войска (каля 500 чалавек) кароннага гетмана польнага Станіслава Жалкеўскага. Аднак назаўтра Белую Царкву занялі галоўныя сілы гетмана: каля 4 тысяч ваяроў (гусары, панцырныя баяры, драбы-найміты, магнацкія пахолкі). Гетманскае войска мела 24 гарматы.

Казакі спрабавалі ўцячы ад іх па правым беразе Дняпра, каб у зручным месцы пераправіцца на левы бераг. Але ва ўрочышчы Востры Камень (20 км на паўдзенны ўсход ад Белай Царквы) войска Жалкеўскага дагнала іх. Казакоў было прыблізна 7 тысяч з 20 гарматамі. Яны хутка стварылі табар з вазоў, паставіўшы іх колам у пяць радоў. Жалкеўскі не жадаў атакаваць казацкі табар, бо баяўся значных страт, аднак не меў іншага выхаду. І 25 сакавіка пасля моцнага артылерыйскага абстрэлу палякі з усіх бакоў пайшлі ў наступ.

Казакі сустрэлі іх моцным агнём з ручніц і гармат. Страціўшы каля 2 тысяч чалавек забітымі і цяжка параненымі атаку яны адбілі. Страты гетманскага войска склалі 300 чалавек загінуўшымі. Пасля бітвы палякі вярнуліся ў Белую Царкву. Казакі ж прайшлі яшчэ некалькі вёрст далей на поўдзень, пад Трыполлям да іх далучыліся іхныя сем’і і там усе разам пераправіліся на левы бераг Дняпра.

Налівайка, Лабада ды іншыя правадыры паўстанцаў вырашылі ў рэшце рэшт збегчы ў Масковію. Аднак у першай палове траўня 1596 г. войска Жалкеўскага адрэзала ім шляхі да маскоўскай мяжы.

Казакам прыйшлося адступіць да горада Лубны, дзе яны стварылі добра ўмацаваны табар на беразе рэчкі Саланіцы (цяпер Сула). Яны паставілі вазы колам у чатыры лініі, наперадзе вазоў выкапалі роў і насыпалі вал.

У табары было пад 10 тысяч человек, з іх ад 6 да 7 тысяч казакоў (у тым ліку шмат параненых), і 30 гармат. Астатнія 3—4 тысячы склалі жонкі ды дзеці паўстанцаў. У Жалкеўскага было не больш за 3 тысячы ваяроў.

Аблога табара пачалася 16 траўня і цягнулася два тыдні. Паўстанцы адачянна абараняліся, бо спадзяваліся на дапамогу запарожцаў на чале з атаманам Падвысоцкім. Ім не пашчасціла: запарожцы не прабіліся праз кардоны палякаў. Абложаныя неслі цяжкія страты ад агню артылерыі. У іх бракавала правіянта і вады, пачалі масава падаць коні.

Скарыстаўшыся тым становішчам, Жалкеўскі уступіў у таемныя перамовы з правадыром “рэестраўцаў” Лабадой. Ён паабяцаў ім амністыю калі яны складуць зброю. Але Налівайка даведаўся пра перамовы і загадаў забіць Лабаду.

26 траўня польскае войска пачало моцны гарматны абстрэл лагера, рыхтуючыся да прыступу. Пабачыўшы гэта, “рээстраўцы” ў ноч на 28 траўня схапілі Налівайкуцяжка параненага М. Шаўлу, іншых правадыроў паўстання і выдалі іх Жалкеўскаму. Падчас перамоў старшын былых рээстравых казакоў з Жалкеўскім ягонае войска раптоўна ўварвалася у табар і пачало рэзаць усіх, ‘хта трапляў ім на вочы. Толькі 1,5 тысячы казакоў на чале з новаабраным атаманам Крыштафам Крэмпскім здолелі прарвацца ў стэп, адкуль яны пазней вярнуліся ў Запарожжа.

Налівайку і шэсць іншых правадыроў паўстання ваяоры Жалкеўскага адвезлі ў Варшаву. Там 11 (21) красавіка 1597 г. пасля заканчэння допытаў злачынцаў ды сведкаў іх пакаралі смерцю праз чвертаванне. Гэта было справядліва, бо анархістам ды бандытам няма месца ў ніякай дзяржаве!

 

HTML Comment Box is loading comments...

 .