Тэма 7.

Вайна са Швецыяй за Інфлянты

 

Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III (сын шведскага прынца, пазней караля Юхана ІІІ і дачкі польскага караля Жыгімонта I – Кацярыны) пасля смерці свайго бацькі ў 1592 г. успадкаваў яшчэ і карону караля Швецыі. Ён адразу пачаў праводзіць палітыку аднаўлення ў Швецыі пазіцый каталіцкай царквы. Аднак яго дзеянні ў гэтым кірунку скончыліся тым, што рыксдаг (парламент), большасць дэпутатаў якога была лютэранскага веравызнання, у 1585 г. абраў кіраўніком краіны дзядзьку Жыгімонта, герцага Карла Сёдэрманландскага.

У 1598 г. герцаг Карл разбіў у бітве пад Стонгабру войска Жыгімонта, якое высадзілася ў Швецыі, а ў наступным 1599 г. дамогся афіцыйнага яго пазбаўлення каралеўскага тытула. Сам жа Карл стаў рэгентам, а праз 5 гадоў, у 1604 г., рыксдаг абвясціў яго каралём Карлам IX.

Чыннікі вайны

Жыгімонт III да канца свайго жыцця (ён памёр 30 красавіка 1632 г.) спрабаваў вярнуць швецкую карону. Дзеля гэтай безнадзейнай мары ён уцягнуў Рэч Паспалітую ў працяглую вайну са Швецыяй.

Фармальнай нагодай да вайны паслужыла тое, што 12 сакавіка 1600 г. Жыгімонт заявіў пра далучэнне швецкага герцагства Эстляндыя (паўночнай паловы Эстоніі) да Рэчы Паспалітай. Але фактычна барацьба ішла за Лівонію, у першую чаргу за Рыгу. Рыга, як вядома, зяўляецца ключом да Заходняй Дзвіны, таму для замежнага гандля Вялікага Княства было вельмі важна мець гэты ключ у сваёй кішэні. Не дзіўна, што вайну вялі галоўным чынам войскі ВКЛ і з большага за кошт сваіх магнатаў.

Першы перыяд вайны (1601—1608)

Актыўныя ваенныя дзеянні пачаліся ў наступным годзе. Гетман Крыштаф Радзівіл “Перун” разбіў шведаў 23 чэрвеня 1601 г. пад Кокенгаузэнам (цяпер Какнесе), а ў ліпені ўзяў Вендэн (цяпер Цэсіс у Латвіі). Неўзабаве пасля гэтага на дапамогу яму прыбылі Ян Замойскі і Ян Караль Хадкевіч з 12-тысячным войскам пры 50 гарматах. Герцагу Карлу Сёдэрманландскаму прыйшлося адступіць. Але ён пакінуў гарнізоны ў шматлікіх крэпасцях і замкахякія паспеў захапіць у Лівоніі. Замойскі і Хадкевіч заняліся іх аблогамі (Крыштаф Радзівіл захварэў і ў лістападзе 1603 г. памёр).

Да 1602 г. у шведаў засталіся толькі Гапсаль (сучасны Хаапсалу), Пернау (Пярну), Дзерпт (Тарту) і Рэвель (Талін).

У той вайне асабліва прасловіўся сваімі перамогамі літоўскі гетман польны Ян Караль Хадкевіч (1560—1621). У 1602 г. ён разбіў швецкае войска пад Везенбергам (цяпер Ракверэ), пасля чаго заняў Дзерпт.

25 жніўня 1604 г. Хадкевіч перамог шведаў побач з горадам Пайде (па-нямецку Вайсентштайн, па-польску Белы Камень). У гэтай бітве ў яго было толькі 2300 чалавек, тады як шведаў – звыш 6 тысяч. Тым не менш, швецкія страты забітымі, параненымі і палоннымі склалі амаль 3 тысячы, а Хадкевіч страціў усяго 81 чалавека забітымі і каля 100 параненымі.

У канцы лета 1605 г. Хадкевіч знаходзіўся ў Дзерпте. Там ён атрымаў паведамленне, што швецкія войскі з 23 верасня пачалі аблогу Рыгі. Сабраўшы ўсе сілы, якія былі ў наяўнасці, Хадкевіч раніцай 25 верасня фарсіраваным маршам пайшоў на выручку горада. Двухдзённы 80-км паход скончыўся ўвечар 26 верасня каля вёскі Кірхгольм (цяпер горад Саласпілс у 15 км ад Рыгі), на паўночным беразе Заходняй Дзвіны.

Кароль Карл IX з 11-тысячным корпусам выступіў яму насустрач. Бітва адбылася ў сярэдзіне дня 27 верасня пад Кірхгольмам. У Хадкевіча было 3310 вершнікаў (у тым ліку каля 700 татараў і казакоў) і 1040 пехацінцаў пры 5 гарматах, тады як у Карла 8868 чалавек пехоты і 2500 конных ваяроў (рэйтар) пры 11 гарматах.

Нягледзячы на перавагу ў 6,5 тысяч чалавек, шведы цалкам прайгралі бітву. Яны страцілі забітымі і параненымі больш за 6 тысяч, каля 500 чалавек палоннымі, 60 сцягоў, усе гарматы і абоз. Кароль Карл ледзь пазбег палону, разам з ім збеглі да Рыгі 4860 чалавек. Страты войска Хадкевіча забітымі склалі ледзь больш 100 чалавек забітымі і 200 параненымі! Пасля гэтай бліскучай перамогі шведы знялі аблогу Рыгі і сплылі дахаты.

Але Хадкевіч больш не меў магчмасці плаціць ваярам, кароль таксама не даў грошаў і войска Хадкевіча ў хуткім часе разышлося хто куды.

А ў Рэчы Паспалітайі пачаліся ўнутраныя звады. Кароль Жыгімонт III жадаў зрабіць сваю ўладу неабмежаванай і ўвесці перадачу трона па спадчыне. Яго высілкі ў гэтым кірунку выклікалі ў 1606 г. узброены выступ шляхты – “рокаш”. У рокашы ўдзельнічалі і пратэстанты, і праваслаўныя, і каталікі.

У Польшчы “партыю незадаволеных” узначаліў кракаўскі ваявода Мікалай Зебжыдоўскі, у ВКЛ – падчашы вялікага князя, князь Януш Радзівіл. Яны патрабавалі замены Жыгімонта іншым каралём, адмены Брэсцкай царкоўнай уніі, парыву хаўруса са Свяшчэнай Германскай імперыяй (фактычна – з Аўстрыяй), вонкавай палітыкі выключна ў інтарэсах Рэчы Паспалітай.

Хадкевіч застаўся на баку караля і ў ліпені 1607 г. ён разбіў войска ракашан у бітве каля Гузава. Аднак каралю прыйшлося пайсці на сурёзныя саступкі магнатам і шляхце. Вальны сойм абвясціў амністыю ўсім удзельнікам рокаша, пацвердзіў шляхецкія вольнасці і прынцып выбарнасці караля, увёў кантроль сената за дзеяннямі манарха.

Між тым шведы, скарыстаўшыся разладам у Рэчы Паспалітай, ў 1608 г. аднавілі баявыя дзеянні. Войскі пад камандаваннем графа Мансфельда ўварваліся ў Лівонію, захапілі Дзінамюнде, Фелін і Кокенгаузэн. Але ў студзені 1609 г. сюды вярнуўся Хадкевіч. Ён хутка змяніў сітуацыю на сваю карысць. Спачатку начным штурмам узяў у лютым Пернау (Пярну), пасля чаго прыбыў да Рыгі, разбіў авангард Мансфельда і вызваліў Дзінамюнде. У канцы сакавіка 1609 г. ён канчаткова разграміў Мансфельда ў бітве на рацэ Гауя.

Часовае спыненне ваенных дзеянняў (лета 1600 — вясна 1617)

Тым часам абодва суперніка пачалі інтэрвенцыю ў Масковію. Таму вайсковыя дзеянні ў Лівоніі спыніліся. У красавіку 1611 г. Швецыя і Рэч Паспалітая падпісалі дамову пра пераміре тэрмінам на 9 месяцаў.

30 кастрычніка таго ж году памёр Карл IX, каралём стаў Густаў II Адольф. Швецыя мела няўдачы ў вайне з Даніяй, Жыгімонт заграз у вайне з Масквой за Смаленск. Таму ў красавіку 1612 г. супраціўнікі падоўжылі пераміре, а 20 студзеня 1614 г. дамовіліся пра спыненне ваенных дзеянняў ажно да 29 верасня 1616 г. Фактычна ж вайны не было 8 гадоў: з лета 1609 па вясну 1617.

Трэці перыяд вайны і другое перамір’е (1617—1625)

У 1617 г. шведы аднавілі ваенныя дзеянні і захапілі Пернау. Але ўжо ў наступным годзе было падпісана новае перамір’е да 1620 г.

Рэч Паспалітая ў той час была занята вайною з Турцыяй і Крымскім ханствам. Гэты момант выкарыстаў Густаў ІІ Адольф і ў 1621 г. захапіў большую частку Інфлянтаў разам з Рыгай, а пазней ён захапіў і Мітаву сталіцу герцагства Курляндскага, васала Рэчы Паспалітай.

У 1622 г. гетман польны ВКЛ Крыштоф Радзівіл (1585—1640) сын “Перуна”) адбіў Мітаву, але ў складзе краіны засталіся толькі Курляндыя і паўднёва-ўсходняя частка Інфлянтаў – так званая Латгалія.

11 жніўня 1622 у Мітаве было падпісана трэцяе перамір’е.  

Чацвёрты перыяд вайны (1624—1629) 

У 1625 г. пачаўся апошні перыяд вайны, калі Густаў ІІ пачаў наступленне на рэштку Інфлянтаў і Жамойць. Шведы захапілі Кокенгаўзэн і Біржы, аблажылі Дзерпт, перамаглі пад Вальгафам.

Бітва адбылася 7 (17) студзеня 1626 каля замка Вальгаф у Курляндыі. Удала выбраўшы час, кароль Густаў II Адольф, употай сабраўшы пад Кокенгузэнам 3 тысячы пяхоты і 2 тысячы кавалерыі, перайшоў Дзвіну і на досвітку раптоўна атакаваў лагер войска Льва Сапегі, якім камандаваў яго сын Ян Станіслаў Сапега (1589—1635). У Сапегі было каля 1500 гусар, казакоў і нямецкіх рэйтараў.

Страты Сапегі склалі прыблізна 700 чалавек забітымі, яшчэ 200 трапілі ў палон, а шведы амаль што не мелі забітых. Густаў Адольф захапіў вялізны абоз з правіянтам, дэблакаваў Біржы і Баўску. Ян Сапега быў паранены.

У 35 км ад месца бітвы стаяла войска Крыштафа Радзівіла (бліз 2 тысяч ваяроў), але яно не прыйшло на дапамогу. Па адной версіі, Радзівіл не паспеў гэта зрабіць, па другой – не хацеў дапамагчы Сапегам, да якіх ставіўся варожа

Войску ВКЛ ўдалося абараніць Дзінабург (сучасны Даўгавпілс у Латвіі).

Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. У гэты перыяд войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогу над шведами на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля вёскі Тшцяна (Trzciana) непадалек ад горада Ломжа (1629), аднак шведы занялі ўсю Прусію.

Заканчэнне вайны

26 верасня 1629 г. у прускім горадзе Альтмарк (сучасны Стары Тарг каля Мальбарка) было падпісана перамір’еі, паводле якога ўсе марскія парты (акрамя Кёнігсбергу, Данцыга, Путцыга) і ўся Ліфляндыя да Заходняй Дзвіны перайшлі да Швецыі.

Канчатковы мірны трактат тэрмінам на 26 гадоў быў падпісаны ў 1635 г., калі шведскае войска пакінула тэрыторыю Прусіі, васала Польшчы, а каралём польска-літоўскай канфедэрацыі быў ужо Уладзіслаў IV Ваза, які панаваў з лістапада 1632 па травень 1648 гг.

У выніку вайны Швецыя 100 гадоў запар мела пад сваёй уладай землі Эстоніі і Латвіі, кантралявала балтыйскі гандаль Рэчы Паспалітай, атрымала надзейны тыл для вайны ў Германіі, дзе яна падтрымлівала князёў-пратэстантаў, што выступалі супраць імператара і князёў-каталікоў.

Кароль Жыгімонт III Ваза

Землі былой Лівоніі на пачатак вайны паміж Швецыяй и Рэччу Паспалітай










  Один из эпизодов битвы под Кирхгольмом

Гетман Ян Караль Хадкевіч (невядомы мастак XVII ст.)

HTML Comment Box is loading comments...
 .