Тэма 8.

Ян Караль Хадкевіч

 

Ян Кароль Хадкевіч (1560—1621) быў адным з найбольш славутых гетманаў ВКЛ.

У юнацтве ён атрымаў вельмі добрую адукацыю: вучыўся ў Віленскім езуіцкім калегіуме, ва ўніверсітэтах Нямеччыны (Інгальштат) ды Італіі (Падуя, Венецыя). На Мальце вывучаў вайсковую справу.

Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з уварваннем казакоў Налівайкі (1596), якія рабавалі гарады іфальваркі на поўдні ВКЛ.

Ад пачатку вайны са шведамі Хадкевіч змагаўся ў Інфлянтах – з войскам, якое ён трымаў за ўласны кошт. У 1601 г. разбіў шведаў пад Кокенгаўзэнам, у 1604 – пад Белым Каменем (там ён з 2 тысячамі жаўнераў перамог 7 тысяч непрыяцеля). Найвялікшую ж славу Хадкевічу прынесла бітва пад Кірхгольмам (цяпер Саласпілс у Латвіі), дзе ягоны 4-тысячны корпус 27 верасня 1605 г. у шчэнт разбіў 14-тысячную шведскую армію, страціўшы ўсяго 100 жаўнераў.

Перамога пад Кірхгольмам сапраўды здавалася чымсці неверагодным. У харугвах Хадкевіча не ставала зброі, а з прычыны нявыплаты грошай сярод жаўнераў падала дысцыпліна. Між тым, шведскае войска па баяздольнасці было адным з найлепшых у Еўропе. І тым не менш Хадкевіч перамог яго: паклаў на пабаявішчы 9000 шведаў, захапіў 12 гармат і 60 штандараў непрыяцеля.

З гэтым вялікім трыумфам гетмана асабіста павіншавалі імператар «Святой Рымскай імперыі» Рудольф ІІ Габсбург, Папа рымскі Павел V, ангельскі кароль Якуб, персідскі шах і турэцкі султан. Па якім часе пра бітву пад Кірхгольмам пісалі, што нашчадкі будуць хутчэй дзівіцца гэтаму трыумфу, чым верыць у яго. На думку адмыслоўцаў, тое была адна з найвялікшых тактычных перамог у сусветнай ваеннай гісторыі.

Трэба адзначыць, што з імем Хадкевіча звязаная адзіная ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва, якую гетман таксама выйграў.

Увесну і летам 1608 г., выкарыстаўшы часовую адсутнасць Хадкевіча у Інфлянтах, моцнае шведскае войска (12 тысяч жаўнераў) высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі і пачало наступ углыб краю. Пад восень яно ўжо стаяла на берагах Дзвіны.

Маючы ўсяго 2 тысячы вершнікаў гусарскай конніцы і невялікую артылерыю, Хадкевіч пачаў адваёўваць страчанае. Спачатку ён пад агнём варожых гармат штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у заходняй Эстоніі, а 4 сакавіка 1609 г. пайшоў на Рыгу, абложаную шведскімі войскамі. Шлях вёў паўз бераг Рыжскай затокі, і тут гетман атрымаў звесткі, што за 13 міляў на поўдзень ад Парнавы (сучасны Пярну), каля гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва), знаходзіцца шведскі флот. У Хадкевіча выспеў смелы і нечаканы план. Ён пасадзіў сваіх жаўнераў на два вялікія караблі, захопленыя ў шведаў пад Парнавай, і некалькі караблёў, купленых у гандляроў, а таксама на вялікія лодкі і загадаў ноччу атакаваць праціўніка.

Спешаныя вершнікі, якія раней нават не бачылі зблізку мора, адважна рушылі на бітву. Уначы, паціху наблізіўшыся да шведаў у вусці ракі Салацы, яны накіравалі ў іхны бок некалькі падпаленых брандэраў (суднаў, нагружаных выбуховымі і палкімі рэчывамі), ад якіх загарэліся два варожыя караблі. Пры святле пажару па шведскай эскадры быў адкрыты моцны агонь з гармат. Не вытрымаўшы націску ваяроў Хадкевіча, астатнія караблі шведаў адплылі далей ў затокуВядомы пісьменнік Юльян Нямцэвіч (1758—1841) пазней напісаў пра бітву пад Салісам:

«Толькі генію ўласціва знаходзіць магчымасці, якіх звычайны розум не заўважае, толькі ён можа хутка асэнсоўваць іх і неадкладна выкарыстоўваць».

А пад самой Рыгай Хадкевіча хітрым манеўрам гусарскай конніцы завабіў шведскае войска за Дзвіну і высек яго, як тады казалі, «у пень». Рэшты паспешліва адступілі на поўнач...

У 1611 г. Хадкевіч павёў харугвы ў Маскву на дапамогу абложаным там сілам Вялікага Княства Літоўскага. Пакінуўшы ў 1612 г. Маскву, гераічна бараніў ад маскоўскага войска Смаленск і дасягнуў поспеха.

У 1617—1618 гг. быў фактычным кіраўніком апошняга маскоўскага паходу.

Прызначаны начальнікам аб’яднанага войска Польшчы і ВКЛ, Ян Хадкевіч адбіваў націск Асманскай імперыі з поўдня. Менавіта ягонай жалезнай волі, энергіі і прыроднаму таленту Айчына абавязаная перамогай пад Хацінам на Днястры, дзе ў 1621 г. ён са сваім паўгалодным і разрозненым войскам супрацьстаяў утрая большай ардзе туркаў і татараў, і здабыў бліскучую перамогу. Цяжка хворы, Ян Хадкевіч памёр у Хацінскім замку пад час бітвы.

Тагачасныя паэты і гісторыкі прысвячалі яму творы, пісалі песні і пахвалы. Стагоддзямі жыло паданне пра непераможнага ваяра.

Панарама бітвы пад Кірхгольмам (1605 г.)

Ян Караль Хадкевіч (мастак А. Цяленік, 2011 г.)

Макет Парнавы (сучаснага Пярну) на пачатку XVII стагоддзя  

Ян Караль Хадкевіч пад Хацінам 7 верасня 1621 г. У той дзень ён, нягледзячы на цяжкую хваробу, сам павёў у атаку сваіх “крылатых” гусараў і адкінуў туркаў (а да смерці яму засталіся ўсяго 16 дзён)

 .