Тэма 9.

Паходы самазванцаў на Маскву

Паход Ілжэ-Зміцера I (кастрычнік 1604—чэрвень 1605) 

Ілжэзміцер I (каля 1581—1606) – палітычны авантурнік, які выдаваў сябе за царэвіча Зміцера, малодшага сына цара Івана IV “Грознага” (1530—1584), быццам пазбегшага смерці ў 1591 г. ва Углічы. Гэта першы з трох найбольш вядомых самазванцаў, што прэтэндавалі на маскоўскі сталец (усяго іх было ці то 5, ці то 6).

Асоба Ілжэзміцера не высветлена. Найбольш распаўсюджаная версія, быццам ён Рыгор Атрэп’еў, з роду дваран Атрэп’евых, збеглы манах маскоўскага Чудавага манастыра. Аднак існуюць іншыя версіі. Магчыма нават, што ён на самой справе быў сын цара Івана IV, але не Зміцер.  

Упершыню ён атрымаў вядомасць у 1601 г. у Кіеве, потым у Астрогу пры двары князя Канстанціна-Васіля Астрожскага, потым у Брагіне пры двары князя Адама Вішнявецкага. Апошні дамогся ў 1603 г. сустрэчы Ілжэзміцера з каралем Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III і той дазволіў авантурніку сабраць войска з добраахвотнікаў, каб пайсці на Маскву – вяртаць “бацькоўскую спадчыну”. Грошамі яму дапамаглі некаторыя магнаты, найбольш – Мнішкі з Сандаміра і Вішнявецкія з Брагіна.

І вось 16 кастрычніка 1604 г. авантурнік з войскам, якое складалася з польскай і ліцвінскай шляхты, а таксама з запарожскіх і данскіх казакоў, перайшоў мяжу Масковіі і рушыў наперад. Яго падрымалі сяляне, казакі ды гараджане (потым і некаторыя баяры), якія? з аднаго боку, былі моцна незадаволеныя палітыкай цара Барыса Гадунова, а з другога боку – здаўна верылі ў з’яўленне “добрага цара”. Як тое не дзіўна, пасля шэрагу розных прыгод войска самазванца авалодала паўднёвай і паўднёва-усходняй часткамі Маскоўскага царства.

А 13 красавіка 1605 году раптоўна памёр цар Барыс Гадуноў (яму было ўсяго 53 гады!). Жыхары Масквы 1 чэрвеня паўсталі супраць Фёдара Гадунова, 16-гадовага сына Барыса, абвешчанага царом, арыштавалі яго і 10 чэрвеня забілі разам з маці-царыцай.

Ілжэзміцер 20 чэрвеня таго ж году трыўмфальна ўвайшоў у сталіцу дзяржавы. 21 ліпеня яго каранавалі як цара маскоўскага Зміцера Іванавіча.

Ён панаваў каля 11 месяцаў. За гэты час распусціў аддзелы казакоў, з дапамогай якіх захапіў уладу, зволіў з дзяржаўнага войска халопаў, сялян ды пасадскіх людзей.

Раздаваў землі і грошы тым дваранам Масковіі, казакам з Украіны, наймітам з Польшчы і з Вялікага княства Літоўскага, з дапамогай якіх сеў на сталец.

Адмовіўся ад свайго абяцання вярнуць Рэчы Паспалітай землі Смаленшчыны і Севершчыны, што былі захопленыя папярэднімі маскоўскі правіцелямі. І нічога не рабіў для пашырэння каталіцкай царквы у Масковіі. 

Намагаўся стварыць антытурэцкую кааліцыю дзяржаў, каб “ваяваць Крым”.

Аднак баярская групоўка на чале з князям Васілём Шуйскім (1552—1612), які сам ірваўся да царскага стальца, і дзеячы праваслаўнай царквы, якія баяліся канкурэнцыі з боку каталіцкага касцёла, і таму бачылі пагрозу там, дзе яе не было, склалі змову супраць новага цара і справакавалі паўстанне ў Маскве супраць гасцёў з Польшчы, што заставаліся там пасля шлюбу цара з Марынай Мнішак, адбыўшагася 6 траўня 1606 г. Падчас паўстання змоўшчыкі 17 траўня забілі і цара, і некалькі соцен тых гасцёў, іх паслугачоў і ахоўнікаў. Сталец у хуткім часе заняў Васіль Шуйскі.

 

Паходы Ілжэ-Зміцера II (ліпень 1607—жнівень 1610) 

Ілжэзміцер II – палітычны авантурнік, які выдаваў сябе за цара Зміцера Іванавіча, які быццам выратаваўся падчас маскоўскага паўстання 17 траўня 1606 г. Яго асоба таксама не высветлена. Пашыраныя дзве версіі. Згодна з першай ён паходзіў з сям’і праваслаўнага святара і працаваў настаўнікам у Шклове. Згодна з другой, самазванец паходзіў з данскіх казакоў.

Улетку 1607 г. ён з’явіўся ў Старадубе, дзе абвясціў пра сваё ўратаванне. Сюды да яго пачалі прыходзіць адзелы данскіх казакоў, ліцвінскай і ўкраінскай шляхты, добраахвотнікаў з ліку гараджан.

Зімой самазванец заняў горад Арол, а летам 1608 г. падышоў да Масквы і стаў лагерам у сяле Тушына (адсюль яго мянушка ў пазнейшай расійскай гісторыяграфіі – “Тушынскі злодзей”). Тут з далучыўшыхся да яго маскоўскіх баяр (Раманавых, Сіцкіх, Трубяцкіх, Чаркаскіх) і дваран ён склаў урад. А пастрыжанага ў манахі баярына Філарэта Раманава (1554—1633) у кастрычніку 1608 г. прызначыў патрыярхам “усея Русі”.

У Тушына да войска самазванца далучыліся адзелы маскоўскага дваранства з паўднёвых паветаў дзяржавы, казакоў з розных куткоў краіны, рэшткі разбітага войска Івана Балотнікава (дарэчы, Балотнікаў зваў сябе гетманам цара Зміцера Іванавіча). Гэта войска да вясны 1609 г. кантралявала паўночна-заходнія, паўночныя і ўсходнія паветы вакол Масквы. Войскам жа кіравалі ліцвіны: князь Раман Ружынскі (1575—1610), потым князь Ян Пётр Сапега (1569—1611), палкоўнікі Аляксандр Збароўскі, Аляксандр Лісоўскі, Осіп Будзіла, Эразм Стравінскі, Януш Тышкевіч, Іван Заруцкі ды 7 іншых. Аднак пайсці на штурм сталіцы Маскоўскай дзяржавы ніхто з іх не адважыўся.

Аднак восенню 1608 г. супраць адзелаў “цара Зміцера Іванавіча” пачало дзейнічаць аб’яднанае маскоўска-шведскае войска, а кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III у верасні 1609 г. абвясціў вайну Васілю Шуйскаму, ад якога патрабаваў вярнуць захопленыя раней Масквою землі Смаленшчыны ды Севершчыны.

У новай сітуацыі самазванец у снежні 1609 г. пераехаў з Тушына ў Калугу. Адтуль ён у ліпені 1610 г. беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, пасля чаго быў вымушаны ізноў вярнуцца ў Калугу. 11 снежня 1610 г. падчас палявання ў ваколіцах Калугі яго забіў нагайскі князь Петр Урусаў у помсту за расправу з касімаўскім “царом” Ураз-Мухамедам (1572—1610), што адбылася ўлетку таго году. 

Пасля гэтага прыхільнікі Ілжэзміцера II абвясцілі “царом маскоўскім Зміцерам II Іванавічам” маленькага хлапчука, якога нарадзіла ўвесну 1611 г. Марына Мнішак, прызнаўшая раней самазванца “цудоўна ўратаваным” царом і сваім мужам. На самой жа справе бацькам таго нясчаснага дзіця (маскоўцы забілі яго ва ўзросце трох гадоў) быў правадыр казакоў Іван Заруцкі. Ён і узначаліў далейшыя дзеянні “тушынцаў”, аде гэта ўжо іншая гісторыя.  

ххх

Усе падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы ад паўстання Хлапка (лета 1603 г.) да Дэўлінскага перамір’я (снежань 1618 г.) увайшлі ў гісторыю пад назвай “Вялікая Смута”. Аднак для Рэчы Паспалітай тое былі добрыя часы: удалося вярнуць большасць нашых земляў, захопленых раней маскоўскімі вялікімі князямі, у тым ліку Смаленшчыну і Чарнігаўшчыну.












Ілжэ-Зміцер I                                                                                                                     










Масквічы вітаюць “царэвіча Зміцера” 20 чэрвеня 1605 г. (мастак Клаўдзій Лебядзеў)




                                                                                                           Ілжэ-Зміцер II 

  










HTML Comment Box is loading comments...
 .